Лукашэнка і Пуцін / kommersant
22 красавіка Лукашэнка пяты раз за апошнія 15 месяцаў адправіўся на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Знешнія адносіны Расіі і Беларусі перажываюць росквіт — яны даўно не выглядалі так пазітыўна, а Масква і Мінск даўно не выяўлялі такой аднадушнасці. Але калі вы думаеце, што так было ўвесь апошні год, — то вы глыбока памыляецеся. Кожны раз, калі Лукашэнка едзе ў Маскву (а Пуцін за гэты час не прыязджаў у Мінск ні разу), гэта адбываецца на розным фоне і з розным вынікам.
Ад лялькаводаў да найлепшых сяброў: Еўрарадыё прасачыла, як за апошні год змянялася рыторыка Аляксандра Лукашэнкі пасля візітаў у Расію.
У пачатку 2020 года адносіны Беларусі і Расіі былі напружаныя. Толькі-толькі сарвалася пафаснае падпісанне "дарожных картаў па паглыбленні інтэграцыі", прызначанае на 20-годдзе дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка папракаў Маскву ў невыкананні абяцання па цэнах на газ і парушэнні абавязацельстваў па пастаўках нафты.
Перамовы 7 лютага ў Сочы скончыліся без прарываў: Расія не дала Беларусі зніжкі на нафту.
"Слухай, Валодзя, не псуй мне вечар! Я зразумеў — не можаш. Гэта твой тавар, гэта твой прадукт. Не можаш — не трэба. Я ў цябе нафту не забяру сам і ў ядзернай дзяржавы газ таксама не адбяру. Ну не можаш — і не трэба", — заявіў Лукашэнка ў час "Вялікай размовы" ў лютым 2020-га.
У траўні ў Беларусі пачалася прэзідэнцкая кампанія. Адносіны з Расіяй сталі яшчэ больш напружаныя. А пасля арышту Віктара Бабарыкі Лукашэнка і зусім пачаў гаварыць пра расійскае ўмяшанне ў беларускія выбары. Маўляў, "маскі сарваныя з пэўных не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі". Гэту метафару ён паўтарыў за тады яшчэ кіраўніком Камітэта дзяржкантролю Іванам Тэртэлем, які выказаўся значна выразней: "Лялькаводамі" Бабарыкі могуць быць "вялікія начальнікі ў "Газпраме", а можа быць, і вышэй".
Перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Ржэве 30 чэрвеня засталіся ўтоенымі ад грамадскасці: лідары раз'ехаліся, не зрабіўшы якіх-небудзь заяў для прэсы. "Абвінавачанні ў адрас Расіі, якія рэгулярна гучалі з боку беларускага прэзідэнта, відавочна стварылі не самы спрыяльны для гутаркі фон", — пісалі СМІ.
Абвінавачанні ў адрас Масквы працягнуліся. 31 чэрвеня Лукашэнка абвінаваціў Расію ў спробе сарваць выбары. Напярэдадні КДБ Беларусі паведаміў пра затрыманне 33 расійскіх наймітаў з ПВК Вагнера. Лукашэнка казаў, што расіяне планавалі "арганізаваць бойню ў цэнтры Мінска", і зноў паскардзіўся на "нафтавыя разборкі" з Масквой, праз якія бюджэт страціў 1,5 млрд беларускіх рублёў (блізу 700 мільёнаў долараў).
Рыторыка кардынальна змянілася пасля выбараў 9 жніўня і маштабных акцый пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі. Ужо 15 жніўня Лукашэнка кажа, што дамовіўся з Пуціным пра аказанне ўсебаковай расійскай дапамогі пры першым жа запыце. 28 жніўня ён пракаментаваў заяву Уладзіміра Пуціна пра стварэнне рэзерву сілавікоў для Мінска, назваўшы расійскага лідара "добрым сябрам".
У час вераснёўскай сустрэчы Пуцін прапанаваў "зрабіць дадатковыя намаганні, каб не толькі аднавіць ранейшы дакрызісны ўзровень тавараабароту і эканамічных адносін, але і стварыць перадумовы для руху наперад". Таксама ён анансаваў крэдыт для Беларусі — $1,5 млрд.
Ужо 16 верасня ў Мінск прыбыў расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу. Афіцыйная мэта візіту — ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. "Я таксама прасіў прэзідэнта Расіі пра некаторыя тыпы ўзбраенняў. Сказаў яму, што, калі вы прыедзеце, мы паглядзім, што нам і дзе трэба рэальна ўмацаваць у плане Саюзнай дзяржавы. Апошнія падзеі паказваюць, што трэба смялей абараняць інтарэсы і беларусаў, і расіян", — сказаў тады Лукашэнка.
У лістападзе 2020 года Лукашэнка заяўляе, што Пуцін, даведаўшыся пра падзеі ў Беларусі, сам прапанаваў "падставіць плячо". Маўляў, ён разумеў, што "наступнай будзе Расія". 10 студзеня Лукашэнка кажа, што прэзідэнт Расіі яго адзіны сябар і што летась Пуцін пацвердзіў гэта сапраўднае сяброўства.
На сустрэчы ў лютым Пуцін і Лукашэнка абмяркоўвалі і расійска-беларускую інтэграцыю. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што амаль усе дарожныя карты гатовыя да падпісання.
Лукашэнка анансаваў цяперашні візіт як "сур'ёзную сустрэчу па абмеркаванні тых ці іншых праблем". Тэлеграм-канал, звязаны з яго прэс-службай, быў больш шматслоўны. Паведамлялася, што ў парадку дня сустрэчы — адносіны паміж краінамі (у тым ліку — "саюзная тэматыка"), барацьба з пандэміяй, аднаўленне транспартных зносін, а таксама "сумеснае рэагаванне на актуальныя выклікі і пагрозы".
Фон у сустрэчы прыблізна такі. 15 красавіка Лукашэнка і Пуцін стэлефанаваліся і абмеркавалі двухбаковы парадак дня: "Быў выказаны ўзаемны настрой на далейшае ўсебаковае ўмацаванне расійска-беларускіх хаўрусніцкіх адносін".
17 красавіка Лукашэнка заявіў, што на яго і ягоных сыноў планавалі замах заходнія спецслужбы. Пакуль ЗША і Польшча абвяргалі сваю датычнасць да змовы, да вербальных інтэрвенцый падключылася Масква. "Калектыўны Захад як бы не заўважае гісторыю з падрыхтоўкай забойства Лукашэнкі. Планы забойстваў найвышэйшых службовых асоб — гэта ўжо занадта. Усе межы ўжо перайшлі!" — так пракаментаваў гэта Пуцін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.