Ад БССР да нашых дзён. Як падручнікі расказваюць пра паўстанне Каліноўскага

18/10/2019 - 15:55
Плакат фільма "Кастусь Каліноўскі" / Музей гісторыі беларускага кіно

Вобраз Каліноўскага ахутаны заслонай нацыянальнага міфа. Ён наш Уільям Уолес і Гарыбальдзі ў адным флаконе. Дэмакрат, народнік, публіцыст, рэвалюцыянер, духоўны натхняльнік беларускага народа і выдавец першай газеты на беларускай мове. Але ці заўсёды ён быў такім маналітным героем?

Еўрарадыё пачытала падручнікі па гісторыі Беларусі пачынаючы з 1985 года і даведалася, якім вобраз паўстання 1863 года і Каліноўскага быў пры БССР і як мяняўся пасля атрымання незалежнасці і развіцця беларускай дзяржавы.

История БССР, 1985 год. Рэвалюцыянер-дэмакрат Каліноўскі, ідэі Герцэна

У падручніку гісторыі БССР за 1985 год Каліноўскаму і паўстанню 1863 года аддадзена амаль тры старонкі. Тут ён рэвалюцыянер-дэмакрат Канстанцін Каліноўскі.

У кнізе коратка апісваюць яго біяграфію. Нахапаўся рэвалюцыйных ідэй, вучачыся ў Пецярбургу. Там зблізіўся з рэвалюцыйнай моладдзю. Быў удзельнікам нелегальнага гуртка, якім кіравалі два заўзятыя "польскія рэвалюцыянеры-дэмакраты" Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

Паўстанне апісваецца даволі коратка і сумбурна. Вось ёсць "чырвоныя", якія змагаюцца супраць царызму, а вось "белыя" — скрозь памешчыкі і праціўнікі народнай паўстанцкай барацьбы. Практычна нічога не гаворыцца пра мэты і прычыны паўстання, пра спробы аднавіць Рэч Паспалітую. Згадваецца толькі цяжкі стан сялян і іх "сляпая вера" ў расійскага цара.

Затое задушэнню паўстання аддадзена нашмат больш месца. Нямала ўвагі ўдзяляецца здрадзе "белай" фракцыі паўстання, якая пачала дапамагаць царскай арміі змагацца супраць "чырвоных". Асобна і падрабязна распісваецца злаўленне Каліноўскага на канспіратыўнай кватэры ў Вільні, дзе ён хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.

История БССР, 1989 год. Царскі сатрап Мураўёў, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці

У адрозненне ад папярэдняга выдання тут тэме паўстання 1863 года аддадзена цэлых 13 старонак падручніка. Распісваюцца і перадумовы да паўстання, накшталт сялянскіх хваляванняў у пачатку 1860-х гадоў, і дзейнасць рэвалюцыянераў-дэмакратаў.

Біяграфія Каліноўскага займае асаблівае месца: вучоба ў Пецярбургу, сяброўства з рэвалюцыянерамі і фарміраванне поглядаў. Яго ідэі сугучныя ідэям рускага рэвалюцыянера Герцэна.

Больш дэталёва выкладаюцца ход паўстання, стварэнне розных камітэтаў і ўнутраныя інтрыгі. Падрабязна разбіраецца здрада "белых", крах паўстання і яго задушэнне Мураўёвым, якога тут называюць не іначай як "царскім сатрапам".

Пры гэтым упершыню з'яўляецца раздзел пра гістарычнае значэнне паўстання 1863 года. Адзначаецца яго важнасць у фарміраванні беларускай ідэнтычнасці: "Паўстанне спрыяла абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, умацавала яго рэвалюцыйны саюз з польскім, рускім, літоўскім народамі".

Гісторыя Беларусі, 8-9 клас, 1992 год. На беларускай і з цытатамі Леніна

Выданне за 1992 год па сутнасці аказалася версіяй 1989 года з той толькі розніцай, што цяпер кніга была перакладзеная на беларускую мову. Пра Каліноўскага там усё засталося як і раней, нават цытаты Леніна. Хоць, здавалася б, — 1992 год.

На шчасце, тут ужо няма Беларусіі, як было ў падручніку 1985 года. Цяпер толькі Беларусь.

Гісторыя Беларусі, 11 клас, 2000 год. Польшча ў межах 1772 года, рашучыя і энергічныя дзеянні Мураўёва

З першых жа абзацаў размова ідзе пра "польскае паўстанне". Для складальнікаў падручніка ўсе асноўныя дзеячы і завадатары паўстання — палякі, а адна з прычын паўстання — нявырашанае польскае пытанне на былых землях Рэчы Паспалітай. Праўда, тут яна не згадваецца, але затое ўпершыню гаворыцца пра мэты паўстанцаў аднавіць нейкую "Польшчу ў межах 1772 года".

У падручніку 00-х "белыя" паўстаюць у вобразе баязлівых памешчыкаў і буржуазіі, якія не хацелі маштабнага паўстання, а спадзяваліся на ўмяшанне і дапамогу заходнееўрапейскіх краін: Англіі і Францыі. Аднак іх чаканні не апраўдаліся. З-за іх прамаруджання і нежадання ператвараць барацьбу асобных паўстанцкіх атрадаў у паўнавартаснае народнае паўстанне момант быў катэгарычна ўпушчаны.

Больш шырока апісваецца дзейнасць генерал-губернатара Мураўёва, якога больш не называюць "царскім сатрапам". Аўтары падводзяць да таго, што паўстанне было задушана не толькі дзякуючы ваеннай моцы, але і энергічнымі кіраўніцкімі рашэннямі расійскага генерала.

Асоба Каліноўскага і яго дзейнасць падчас паўстання тут адыходзіць на другі план. Больш месца аддаецца ўнутраным інтрыгам паўстанцкага лагера і задушэнню паўстання. Гэта значыць, пакуль яшчэ рэвалюцыянер, дэмакрат і выдавец "Мужыцкай праўды", "Канстанцін Каліноўскі" ўжо адступае ад свайго вобраза галоўнага героя паўстання.

История Беларуси, 11 клас, 2009 год. Рэч Паспалітая, "Мужыцкая праўда" на лацінцы і адмоўныя наступствы паўстання

Большая частка артыкула пра Каліноўскага і паўстанне 1863 года — гэта злёгку перапісаны тэкст з падручніка за 2000 год. З той толькі розніцай, што цяпер тут называецца ўжо не толькі аднаўленне Польшчы ў межах 1772 года, але і Рэчы Паспалітай у тых жа межах. Вось толькі для аўтараў няма розніцы паміж Польшчай і Рэччу Паспалітай.

Роля ў Каліноўскага цяпер зусім сціплая. Пра яго напісаны роўна адзін абзац, дзе бегла расказваецца, хто гэта такі і чым займаўся. Што вось быў выдаўцом "падпольнай рэвалюцыйнай пракламацыі на беларускай мове "Мужыцкая праўда", якая выдавалася на лацінцы". Яшчэ цікавей тое, што тут не называюць яго цалкам па імені-прозвішчы. Ён проста "К. Калиновский". Магчыма, аўтары яшчэ не вызначыліся, як жа яго называць: усё яшчэ Канстанцінам ці ўжо Кастусём.

У гэтым падручніку прыбраныя згадкі пра Герцэна, Бакуніна і еўрапейскіх рэвалюцыянераў, якія сачылі за ходам паўстання 1863-га. Затое з'явілася ўдакладненне, што паўстанне прывяло да змякчэння ўмоў сялянскай рэформы, з-за чаго беларускія сяляне аказаліся ў больш выгадным становішчы ў параўнанні з сялянамі іншых губерняў Расіі.

Упершыню загаварылі і пра адмоўныя наступствы паўстання. Так, з-за яго не была праведзена земская рэформа і са значным спазненнем былі праведзены судовая і гарадская рэформы. Да канца 1860-х у краі захоўвалася ваеннае становішча.

История Беларуси, 8 клас, 2018 год. Кастусь Каліноўскі — публіцыст, выдавец і духоўны натхняльнік

Гэта падручнік, па якім вучаць у цяперашняй школе.

Самае галоўнае, што заўважаеш, — Каліноўскі тут Кастусь. Расказваецца пра ідэі паўстанцаў, пра прычыны іх паражэння і вынікі паўстання. Усё гэтак жа разбіраецца супрацьстаянне двух лагераў "чырвоных" і "белых". І няздольнасць апошніх кіраваць паўстаннем.

Вобраз Каліноўскага тут паказаны праз яго публіцыстычную дзейнасць і грамадска-палітычныя погляды. Ён паўстае перад школьнікамі як беларускі нацыянальны герой, публіцыст, выдавец газеты і, хутчэй, як духоўны лідар і натхняльнік, чым военачальнік. Вялікая ўвага аддаецца "Мужыцкай праўдзе" і "Лістам з-пад шыбеніцы".

Аднак акцэнт зроблены не толькі на асобе Каліноўскага, але і на іншых камандзірах атрадаў. Расказваецца пра ваеннага начальніка Ашмянскага павета і камандзіра атрада Зыгмунта Мінейку, пра былога падпалкоўніка расійскай арміі і ўдзельніка Крымскай вайны Рамуальда Траўгута і іншых.

Станоўча ацэньваецца ўплыў паўстання на ўмовы жыцця сельскага насельніцтва. Царскі ўрад быў вымушаны змяніць на карысць сялян некаторыя ўмовы рэформы 1861 года: "Гэтыя саступкі самадзяржаўя істотна памякчалі ўмовы вызвалення сялян у Літве і Беларусі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай Імперыі", — заўважаюць аўтары падручніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі