Пратэстанцкі Дом малітвы. Фота: Еўрарадыё
31 кастрычніка 1517 года Марцін Лютэр прыбіў да дзвярэй сабора ў нямецкім горадзе Вітэнбергу 95 тэзаў. Гэтая дата лічыцца днём пачатку Рэфармацыі, якая ў наступныя стагоддзі зменіць кантынент да непазнавальнасці. Раскол да таго часу адзінай каталіцкай царквы паклаў пачатак кровапралітным войнам у Еўропе, але і даў свету новую пратэстанцкую этыку. 500 гадоў праз пратэстанцкія плыні працягваюць пашыраць прысутнасць у постсавецкіх краінах Усходняй Еўропы, дзе іх уплыў прыкметна павялічыўся пасля распаду СССР.
Круглая дата выглядае асабліва сімвалічна: пропаведзь манаха і багаслова Марціна Лютэра была накіравана супраць коснасці царквы, яе абуральнага багацця і ладу жыцця, яе зрошчвання з свецкай уладай.
Гісторыя №1: "Перамагчы ў гэтай краіне можа толькі бедная царква"
Менавіта гэтыя праблемы — сімбіёз дзяржавы і кіраўніцтва праваслаўных цэркваў, нарошчванне багацця апошнімі — сёння на парадку дня ў краінах Усходняй Еўропы, ад Расіі і Украіны да Грузіі і Малдовы. Пратэстанты спрабуюць прапанаваць альтэрнатыву "кіруючым цэрквам" і нярэдка гэта ў іх атрымліваецца.
Да 500-годдзя Рэфармацыі рускамоўная "Медиасеть" аб'яднала намаганні журналістаў з пяці краін Усходняй Еўропы, каб распавесці, як жывуць пратэстанты і як расце іх уплыў у рэгіёне.
Гісторыя №2: "Вяселле ў парніку і без алкаголю. Як жывуць альшанскія фермеры-пратэстанты"
У Столінскім раёне Беларусі жыве абшчына пяцідзясятнікаў, якая пабудавала вядомую ва ўсёй краіне фермерскую супольнасць. Адрозная ад традыцыйнай для тутэйшых месцаў рабочая этыка дапамагла ў стварэнні адной з самых буйных агароднінных вытворчасцяў у краіне. Фермер Іван Грыб пачынаў сваё прадпрыемства з аднаго парніка агуркоў і толкам нічога не ведаў пра тое, як вырошчваць агародніну, а цяпер яго гаспадарка пастаўляе на рынак да 1000 тон агуркоў штодня.
Гісторыя №3: "Вера ў час вайны. Як канфлікт на Данбасе змяніў пратэстанцкую царкву"
Пратэстанты — адна з самых буйных і актыўных хрысціянскіх супольнасцяў Украіны. За апошнія гады іх колькасць павялічылася амаль у два разы. Вайна на Данбасе стала трагічнай главой у гісторыі ўкраінскіх пратэстантаў, якія падвергліся масавым ганенням з боку падтрымоўваемых Расіяй сепаратыстаў. Тысячы з іх былі вымушаныя бегчы з рэгіёна падчас першай рэлігійнай зачысткі ў гісторыі краіны з часоў Другой сусветнай вайны. Тым не менш, пратэстанцкія цэрквы аказалі істотную гуманітарную дапамогу насельніцтву Усходняй Еўропы: наведвалі пажылых людзей, дапамагалі адбудоўваць разбураныя дамы.
Гісторыя №4: "500 гадоў барацьбы за душы: пратэстанты выйграюць у РПЦ на Каўказе"
На расійскім пераважна мусульманскім Паўночным Каўказе, куды пратэстантызм пракраўся ў другой палове XIX стагоддзя, пратэстанты выйграюць барацьбу за розумы моладзі ў непаваротлівай Рускай праваслаўнай царквы. Як кажа эксперт, у адрозненні ад пратэстанцкіх і мусульманскіх прапаведнікаў, прадстаўнікі РПЦ "не ходзяць у народ" і не могуць заваяваць маладых: "Сярод праваслаўных прапаведнікаў няма харызматычных маладых людзей, якія клічуць з сабой у рэлігію. Праваслаўныя святары адмаўляюцца ад прамых кантактаў — да прыкладу, ад прамой, але нязмушанай гутаркі за кубкам гарбаты". Заходнія канфесіі распаўсюджваюцца на Паўночным Каўказе, нягледзячы на жорсткае заканадаўства, якое абмяжоўвае місіянерскую дзейнасць у Расіі.
Гісторыя №5: "Як жывуць пратэстанты ў Грузіі"
Грузінскі абывацель і не задумваецца пра тое, як часта прадстаўнікі рэлігійных меншасцяў становяцца прадметам дыскрымінацыі. Яна не заўсёды прымае такія прамалінейныя формы, як траўля вучняў-баптыстаў у школе. Часам дыскрымінацыя — гэта некарэктна складзеная статыстыка, паводле якой колькасць пратэстантаў атрымліваецца моцна заніжанай. Верагодна, далей за ўсё праваслаўная супольнасць Грузіі разыходзіцца з пратэстантамі ў пытанні аб адносінах да заходніх каштоўнасцей.
Вернік грузінскай праваслаўнай царквы моцна здзівіцца (калі не жахнецца) слоў біскупа евангелісцка-баптысцкай царквы: "У нас і пытанне так не стаяла: ці могуць жанчыны быць святарамі?" У сэнсе — натуральна, могуць".
Гісторыя №6: Пра жыццё пратэстанцкіх сем'яў Малдовы
Пратэстанцкая абшчына Малдовы працягвае расці хуткімі тэмпамі і ўжо сёння яна другая па памеры ў краіне.
На межах дунайскіх княстваў першыя пратэстанты з'явіліся яшчэ пры жыцці Марціна Лютэра. Два гады (з 1561 па 1563) гасударам Малдаўскага княства быў пратэстант Ян Якаб Гераклідзія. Аднак у 1563 годзе ў ходзе баярскага паўстання гасудар быў забіты; пратэстанты з ягонага атачэння беглі з краіны. Спроба правядзення ў Малдавіі "Рэфармацыі зверху" апынулася беспаспяховай. Тым не менш, да моманту абвяшчэння незалежнасці Малдовы кожная чацвёртая царква ў краіне ўжо была пратэстанцкай. Баптысты, адвентысты і пяцідзясятнікі — самыя папулярныя пратэстанцкія плыні краіны. Але гэты рэлігійны рух, калісьці рэвалюцыйны, сёння прытрымліваецца вельмі кансерватыўных поглядаў на вострыя пытанні сучаснага грамадства.
Над праектам працавалі: Аляксандр Салдатаў, Яўген Саввацееў, Багдан Кінашчук, Заза Абашыдзэ, Давід Піпія, Дзмітрый Аваліяні, Дар'я Сапранецкая, Маша Калеснікава, Віталь Ругайн, Алёна Чуркэ, Кацярына Аляксандр, Алег Красноў, Аляксандра Кузняцова, Цімур Ісаеў, Максім Эрыставі, Дыяна Петрыяшвілі, Яўгенія Снежкіна, Наталія Маршалковіч, Злата Паніроўская
To see this content visit the full version of this page.