3,5 тысячы рублёў за 5 гадоў: якую пенсію могуць назапасіць беларусы дадаткова

04/10/2022 - 17:04
Па новай сістэме адлічэнні з заробкаў вырастуць, але пенсіям гэта асабліва не дапаможа / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

З 1 кастрычніка ў Беларусі можна дадаткова адлічваць на пенсію. Згодна з указам №367 "Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі" па дасягненні пенсійнага ўзросту чалавек і атрымае выплаты ад дзяржавы, і будзе паступова вяртаць свае назапашаныя сродкі ў дадатак да пенсіі.

Збіраць грошы даручана дзяржаўнай страхавой кампаніі "Стравіта". Яе гендырэктар расказаў, як гэта будзе выглядаць. Адкладаць на пенсію можна ад 1% да 10% заробку. Даход абяцаюць у памеры стаўкі рэфінансавання — цяпер 12% гадавых. Плюс працадаўца дадае да адлічэнняў работніка столькі ж, калі яны не перавышаюць 3% ад заробку. Для адлічэнняў большых памераў проста дадаецца 3%. Калі хтосьці да пенсіі раптам не дажыў, то яна пераходзіць да спадчынніка.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, якія ёсць рызыкі пры назапашванні пенсій па прапанаванай схеме, і палічыла, ці ёсць усё ж выгада.

Не падобна да надзейнага ўкладання

Для ўкладанняў у дзяржаўныя паперы і банкі не лепшы час / Еўрарадыё

Сутнасць пенсійнага назапашвання ў тым, каб грошы захаваць і пажадана прымножыць да старасці. А дзе, уласна, яны будуць захоўвацца?

Назапашаныя сродкі будуць размяшчацца ў фінансавыя інструменты — дзяржаўныя каштоўныя паперы, аблігацыі, а таксама ўклады ў дзяржаўных банках, — пераказвае БЕЛТА словы кіраўніка "Стравіты" Сяргея Андрыевіча.

Фактычна за кошт пенсійных укладанняў улады хочуць павялічваць унутраны дзярждоўг. Гэта дрэнная навіна для патэнцыйных укладчыкаў, адзначае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

У нас дзярждоўг фактычна знаходзіцца ў тэхнічным дэфолце. Вядома, у першую чаргу гэта датычыцца замежных выплат. Тым не менш беларускія дзяржаўныя аблігацыі не выглядаюць як вельмі надзейныя ўкладанні, — кажа Кацярына Барнукова. — Ёсць і іншыя прычыны. Мы разумеем, што ў доўгатэрміновым перыядзе бюджэт дэфіцытны і ў прыватнасці менавіта таму, што ў нас старэе насельніцтва. Няма адкуль плаціць пенсіі, бюджэт вымушаны пераводзіць грошы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Ёсць імавернасць, што да моманту вяртання грошай бюджэт усё яшчэ будзе дэфіцытны. За кошт чаго тады аддаваць грошы беларусам?

Тое самае датычыцца ўкладанняў у беларускія банкі або ў аблігацыі Банка развіцця. Гэта ўстановы пад масай санкцый і пры гэтым вымушаныя фінансаваць дзяржпрадпрыемствы. Наўрад ці яны змогуць без вялікіх узрушэнняў перажыць наступныя гады, калі не адбудзецца пазітыўных змен у краіне.

У ідэале частка грошай будучых пенсіянераў павінна захоўвацца за мяжой. Аднак, улічваючы палітычныя абставіны, незразумела, дзе Беларусь магла б сёння надзейна размясціць сродкі.

А гэта дакладна даходнасць?

Умовы месцамі выглядаюць прыгожа, але, калі разбірацца, што людзі атрымаюць, то зрабіць гэта няпроста / Еўрарадыё

Акрамя таго, важна, на якіх умовах адкладаць на пенсію. Кіраўнік "Стравіты" заявіў, што даходнасць укладанняў будзе ў памеры стаўкі рэфінансавання. Цяпер гэта 12%. Але ў Беларусі гадавая інфляцыя па выніках жніўня склала 17,9%. Выходзіць, грошы абясцэньваюцца хутчэй, чым назапашваюцца.

Стаўка рэфінансавання ў бягучай сітуацыі нават не абараняе ад інфляцыі. Гэта досыць смешна. Калі браць сённяшнюю стаўку і сённяшні ўзровень інфляцыі, то атрымаецца, што вы прагарэлі ў рэальным значэнні. Калі параўнаць з пенсійнымі ўкладамі ў іншых краінах, стаўка адсотка там адпавядае рынкаваму росту каштоўных папер. І рынак каштоўных папер расце звычайна значна хутчэй, чым стаўка рэфінансавання, — працягвае Кацярына Барнукова.

Паколькі стаўка рэфінансавання і інфляцыя ўсё ж могуць мяняцца, не вельмі зразумела, якой будзе даходнасць праз некалькі гадоў. Праўда, ёсць іншыя фактары, якія ўплываюць на памер пенсіі. Гэта абяцанне дзяржавы дадаваць да 3% вашага заробку да пенсійных назапашванняў. Плюс "Стравіта" прапануе не менш за 50% дадатковага даходу ад інвеставання грошай укладчыкаў. На думку Кацярыны Барнуковай, магчыма, што "Стравіта" атрымае гэты дадатковы даход, але можа быць і па-іншаму. Залежыць ад таго, куды страхавая кампанія вырашыць аднесці грошы.

Гледзячы якія аблігацыі, дэпазіты. Мінфін прымудраўся размяшчаць аблігацыі пад пяць адсоткаў гадавых у беларускіх рублях, — адзначае суразмоўніца. — Пры гэтым толькі чамусьці палова размяркоўваецца паміж назапашвальнікамі. Відаць, тут страхавы механізм маецца на ўвазе. Калі мы ўклалі грошы і атрымалі больш — мы аддаём палову. А калі мы ўклалі грошы і прымудрыліся пры гэтым атрымаць менш, тады мы будзем пакрываць гэта са сваёй кішэні да стаўкі рэфінансавання.

Дык на што разлічваць будучым пенсіянерам?

На адпачынак ля мора на назапашаную дадаткова пенсію не варта спадзявацца / Еўрарадыё

Самім разабрацца, колькі ж атрымаецца ў выніку, калі збіраць 5 або 10 гадоў, даволі складана. Таму з разлікамі нам дапамог навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль.

Дапусцім, на пенсію збірае беларус з сярэднім заробкам. У жніўні ён склаў 1665,5 рубля. Няхай штомесячныя адлічэнні складуць 3% — гэта амаль 50 рублёў. Таксама ўявім, што стаўка рэфінансавання і інфляцыя будуць у найбліжэйшыя гады такімі самымі, як цяпер.

Пры ўмове стаўкі рэфінансавання 12% і штомесячных страхавых узносаў 100 рублёў (50 рублёў работнік і 50 — наймальнік) атрымліваецца, што з гэтай сумы на працягу пяці гадоў сума дадатковай пенсіі складзе 8034,18 рубля. На працягу 10 гадоў 22193,33 рубля. Калі работнік будзе адлічваць 50 рублёў на дэпазіт у банку пад бягучую адсоткавую стаўку 18,71%, праз пяць гадоў будзе 4715,48 рубля і праз 10 гадоў — 15834,48 рубля.

Выходзіць, назапашваць па новай сістэме больш выгадна, чым проста пакласці грошы на дэпазіт. Аднак ёсць яшчэ інфляцыя, якая пад'есць назапашаныя сродкі. Пры гадавой інфляцыі 17,9% вашы 8034,18 рубля ў 2022 годзе і ў 2027 годзе — зусім розныя рэчы. У 2027 годзе яны будуць роўныя па пакупной здольнасці 3526,73 рубля ў 2022 годзе. А на 22193,33 рубля ў 2032 годзе можна будзе купіць столькі сама, колькі ў 2022 годзе на 4276,46 рубля.

Атрымліваць назапашаныя выплаты можна будзе на працягу 5 або 10 гадоў па выбары ўкладчыка. Калі пяць гадоў забіраць тое, што назапашана таксама за пяць гадоў, то штомесячныя выплаты складуць 58,8 рубля (у рэальным выражэнні). А калі назапашаныя сродкі за 10 гадоў забіраць такі самы прамежак часу, то дадатковая пенсія будзе 35,6 рубля.

Выплаты ў грамадзян з заробку вырастуць да 10%, а пасля гэта адбяруць праз інфляцыйны падатак. Друкаваць грошы Нацбанк ужо пачаў, — рэзюмуе Алег Мазаль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі