16-гадовага палітвязня Залатарова вінавацяць у нападзе на канваіра

29/03/2021 - 14:28

На 16-гадовага гомельскага палітвязня Мікіту Залатарова пачалі новую крымінальную справу. Як піша сайт "Моцныя навіны", хлопца вінавацяць у супраціве канваіру СІЗА.

Са жніўня 2020 года Мікіта знаходзіўся за кратамі па "справе аб кактэйлях Молатава", якія нібыта некалькі гамельчукоў падрыхтавалі супраць міліцыі. У лютым 2021-га суд прысудзіў падлетку пяць гадоў выхаваўчай калоніі. 

Цяпер ледчы паведаміў бацькам Мікіты, быццам хлопец накінуўся на супрацоўніка СІЗА, таму на яго пачалі новую крымінальную справу.

"Мікіту ўсяго 16 гадоў, ён важыць 45 кілаграмаў. Як ён мог ажыццявіць напад на навучанага дарослага супрацоўніка ізалятара?" — кажа бацька Залатарова

Па іх словах, у Мікіты сур'ёзнае захворванне, ён павінен рэгулярна прымаць лекі. Нерэгулярнасць прыёму можа выклікаць не толькі небяспечныя для жыцця прыступы, але і змены ў паводзінах: нервовасць, павышаную ўзбуджальнасць. Падчас спатканняў Мікіта сказаў бацькам, што прэпараты яму даюць нерэгулярна.

"На спатканні сын прывёў словы супрацоўніка: "Ты палітычны. Здохнеш", — кажа бацька.

Цяпер Мікіту Залатарова перавялі ў адзіночную камеру.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі