З’явіўся фэйкавы сайт рэгістрацыі анкет у польскім консульстве

03/11/2015 - 16:13

У інтэрнэце на беларускім дамене з’явіўся фэйкавы сайт з рэгістрацыяй анкет у польскім консульстве. Ён мае вельмі падобны адрас да афіцыйнага сайта e-konsulat.gov.pl, на якім можна зарэгістраваць анкету для атрымання візы.

"Амбасада Польшчы ў Беларусі засцерагае аб небяспецы выкарыстання фальшывай сістэмы рэгістрацыі візавых анкет, які імітуе афіцыйную сістэму рэгістрацыі візавых анкет, якую выкарыстоўваюць дыпламатычныя прадстаўніцтва ў Беларусі", ― гаворыцца ў паведамленні пасольства.

Да таго ж амбасада заявіла, што не мая ніякага дачынення да неафіцыйных форм рэгістрацыі анкет і не нясе за іх выкарыстанне адказнасць.

Беларускі фэйк сайта e-konsulat.gov.pl аказваецца формай для заяўкі на афармленне візы. Пасля ўвядзення дадзеных (імя, нумар тэлефона і пошта) на мабільны вельмі хутка ператэлефаноўвае малады чалавек. Калі ў пашпарце ўжо былі візы, то за 980 тысяч і 60 еўра прапануюць гадавы польскі шэнген. Калі пашпарт пусты ― за 600 тысяч і 60 еўра абяцаюць зрабіць трохразовую французскую візу, а пасля яе заканчэння гадавую польскую.

Як даведалася Еўрарадыё, сайт зарэгістраваны на фізічную асобу, якая, згодна з беларускім заканадаўствам не можа прадастаўляць паслугі на сайце. З гэтай нагоды польская амбасада ўжо даслала ноту ў беларускае Міністэрства замежных спраў.

Праўда, падобныя паслугі прапаноўваюць вельмі даўно. "Хакеры", з якімі дагэтуль ніхто не можа справіцца, за грошы рэгіструюць анкеты ў польскім консульстве з дапамогай спецыяльных праграм. Звычайнаму карыстальніку прабіцца ў дзень рэгістрацыі анкет даволі цяжка, бо з-за атак "хакераў" ён амаль недасяжны. Таму людзі карыстаюцца паслугамі рэгістрацыі за грошы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі