З'явілася відэа ракетнай атакі на ўкраінскі самалёт у Іране

10/01/2020 - 05:30

The New York Times апублікавала відэа імавернай ракетнай атакі на ўкраінскі самалёт у Іране. З яго вынікае, што пасля патраплення ракеты Boeing-737 яшчэ некалькі хвілін знаходзіўся ў паветры — спрабаваў вярнуцца ў аэрапорт. Пры гэтым самалёт гарэў. Пазней ён выбухнуў.

Трагедыя каля Тэгерана з пасажырскім самалётам Boeing-737 Міжнароднай авіякампаніі Украіны здарылася 8 студзеня, у дзень, калі Іран нанёс ракетны ўдар па амерыканскіх вайсковых базах у Іраку. Загінулі 176 чалавек, ніхто не выжыў. На борце знаходзіліся 11 украінцаў, 82 іранцы, 63 грамадзяніны Канады, 10 шведаў, 4 афганцаў, па тры грамадзяніны Германіі і Вялікабрытаніі.

Напярэдадні Newsweek паведаміў, што ўкраінскі самалёт быў выпадкова збіты іранскай ракетай. Пра гэта пачалі заяўляць і афіцыйныя асобы (напрыклад, прэм'ер-міністр Канады). Іран у адказ звярнуў увагу на той факт, што пасля ўзнікнення праблем самалёт працягваў ляцець, а не ўпаў, як мусіла быць у выпадку ракетнай атакі. З'явіліся звесткі пра дзве ракеты, якімі быў збіты Boeing-737. Дакладная інфармацыя чакаецца па выніках расследавання, у якім удзельнічаюць украінскія спецыялісты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі