ЗША збіраюцца перадаць Украіне ракеты большай далёкасці — 343-я раніца вайны

01/02/2023 - 06:15
Самыя цяжкія баі цяпер ідуць у Данецкай вобласці / facebook.com/GeneralStaff.ua

На фронце без пераменаў. Па словах прадстаўнікоў ўкраінскага Генштаба, "праціўнік не спыняе наступальныя дзеянні на Ліманскім і Бахмуцкім напрамках. Нясе вялікія страты. Праводзіць няўдалыя наступальныя дзеянні на Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках".

Ускосна гэта пацвярджаюць і расійскія крыніцы. Яны пішуць, што "на Ліманскім участку линяя фронту фактычна замерла: ўздоўж усёй лініі судакранання бакі працягваюць артылерыйскія дуэлі". Распавядаюць пра баі на паўднёва-ўсходніх ускраінах Бахмута, у раёнах Параскавіеўкі і Краснай гары, а таксама "цяжкія баі" пад Углядарам.

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) не прагназуюць "хуткага захопу Бахмута расійскімі войскамі, хоць украінскае камандаванне можа аддаць перавагу адступленню, каб не рызыкаваць непрымальнымі стратамі". Там лічаць вельмі малаверагодным, што расійскія войскі змогуць нечакана акружыць ўкраінскія сілы ў Бахмуце. Акрамя таго эксперты Інстытута адзначаюць, што "расійскія афіцыйныя асобы зноў пераацэньваюць свае ваенныя магчымасці" ў Данецкай вобласці. У якасці прыкладу прыводзяць заявы кіраўніка так званай ДНР Дзяніса Пушыліна, які напярэдадні заявіў, што захоп Бахмута дазволіць Расіі прасунуцца да Краматорска і Славянска, якія знаходзяцца прыкладна за 40 км на паўночны захад ад Бахмута. Аналітыкі нагадваюць: каб прасунуцца ад акупаванай Папаснай у Луганскай вобласці да цяперашніх пазіцый у ваколіцах Бахмута (а гэта каля 25 км) расіянам спатрэбілася 8 месяцаў.

"Чаканні Пушыліна адносна гіпатэтычнага захопу Расіяй Бахмута яшчэ раз дэманструюць, што расіяне працягваюць сутыкацца з праблемамі ў дакладнай ацэнцы часавых і прасторавых стасункаў з улікам расійскага вайсковага патэнцыялу", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Расійскія сілы ва Украіне складаюць цяпер каля 326 тысяч вайскоўцаў. Пра гэта ў інтэрв'ю The Washington Post заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў. Ён таксама распавёў, спасылаючыся на разведдадзеныя, што ў расіян засталося прыкладна 9% запасаў крылатых ракет "Калібр". Але ўжыць ядзерную зброю Пуцін не наважыцца, мяркуе Буданаў. "Нанясенне ядзернага ўдару прывядзе не проста да ваеннай паразы Расіі, а да распаду Расіі. І яны гэта вельмі добра ведаюць", — падкрэсліў ён.

Ён таксама лічыць малаверагодным напад з тэрыторыі Беларусі. А яшчэ Буданаў заявіў, што варта зрабіць "усё, каб да лета Крым вярнуўся дадому".

Тым часам ЗША рыхтуюць для Украіны новы пакет узбраення коштам $2,2 млрд. Упершыню ён будзе ўключаць ракеты вялікай далёкасці — да 150 кіламетраў. Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на крыніцу, дасведчаную аб падрыхтоўцы паставак. Аб прадастаўленні зброі можа быць абвешчана ўжо на гэтым тыдні. Вядома, што гэта пакет будзе таксама ўключаць дапаможнае абсталяванне для сістэм СПА Patriot, а таксама высокадакладныя боепрыпасы і супрацьтанкавую зброю Javelin. Нагадаем, апошні раз аб выдзяленні дапамогі ў ЗША аб'яўлялі на мінулым тыдні. Той пакет уключаў, сярод іншага, 31 танк Abrams са 120-мм снарадамі і іншымі боепрыпасамі. 

Узмацніць падтрымку Украіны хоча і Вялікабрытанія. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр краіны Рышы Сунак. Ён баіцца, што зацягванне вайны можа быць выгадным Расіі. Аб гэтым піша CNN са спасылкай на заяву прадстаўніка прэм'ер-міністра, якую ён зрабіў пасля пасяджэння брытанскага ўрада 31 студзеня. У той жа час гэты прадстаўнік Сунака дадаў, што брытанцы лічаць немэтазгодным перадаваць Украіне свае знішчальнікі Typhoon і F35. Аргументуюць тым, што на іх засваенне сыдуць месяцы, а ўкраінскім сілам патрэбна баявая сіла ўжо вясной.

Кіеў тым часам рыхтуе новыя рэформы і чакае новыя рашэнні ад партнёраў у Еўрапейскім Саюзе. Пра гэта напярэдадні казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце. У Кіеве на 3 лютага запланаваны саміт Украіна — ЕС.

"Мы чакаем навін для Украіны. Чакаем рашэнняў нашых партнёраў у Еўрасаюзе, якія будуць адпавядаць дасягнутаму ўзроўню ўзаемадзеяння паміж нашымі інстытутамі і ЕС і нашаму прагрэсу. Прагрэсу, які відавочна ёсць — нават нягледзячы на поўнамаштабную вайну", сказаў украінскі прэзідэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі