Беднасць на Кубе / aroundprague.cz
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядае магчымасць змены кіраўніцтва Кубы і шукае адпаведнага кандыдата сярод кубінскіх дзяржслужачых. Пра гэта са спасылкай на крыніцы сярод амерыканскіх чыноўнікаў піша The New York Times.
Паводле дадзеных выдання, гаворка ідзе не пра поўную змену палітычнай сістэмы краіны, а пра перанастройку існуючага рэжыму. У Вашынгтоне хацелі б бачыць на чале Кубы лаяльнага ЗША палітыка — па ўзоры Дэлсі Радрыгес, былога віцэ-прэзідэнта Венесуэлы. Радрыгес узначаліла Венесуэлу часова пасля таго, як у студзені амерыканскія войскі захапілі прэзідэнта Нікаласа Мадура.
Суразмоўцы NYT з ліку спецслужбаў ЗША лічаць, што рэалізаваць падобны сцэнарый на Кубе будзе складаней, чым у Венесуэле. Прычынай называецца дэфіцыт прагматычна настроеных кубінскіх чыноўнікаў, гатовых узяць уладу ў свае рукі, калі амерыканскія войскі захопяць экс-прэзідэнта Раўля Кастра, які, як адзначаецца, захоўвае значны ўплыў на становішча спраў у краіне.
Паводле ацэнкі амерыканскіх спецслужбаў, мясцовыя эліты на Кубе больш нагадваюць іранскія і могуць праявіць значна большую радыкальнасць, чым венесуэльскае кіраўніцтва. Гэта, як папярэджваюць крыніцы выдання, ускладняе магчымасць хуткай і кіраванай змены ўлады на востраве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут