ЗША нанеслі ўдар па сірыйскай авіябазе "Шайрат" крылатымі ракетамі

07/04/2017 - 04:39

Амерыканскія караблі выпусцілі каля 50 крылатых ракетаў "Тамагаўк" па тэрыторыі Сірыі, перадае Бі-Бі-Сі са спасылкай на прадстаўніка Пентагона. Удар быў нацэлены на авіябазу "Шайрат" сірыйскіх урадавых сілаў у раёне горада Хомс.

Менавіта з гэтай авіябазы зранку 4 красавіка сірыйская авіяцыя нанесла ўдар па горадзе Хан-Шэйхун ў правінцыі Ідліб — як мяркуецца, з ужываннем хімічнай зброі. Тады ахвярамі газу зарын сталі каля 70 мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Яшчэ каля 500 чалавек пацярпелі. 

Іншы амерыканскі чыноўнік падкрэсліў, што ракетныя ўдары не былі нацэленыя на расійскія ваенныя аб'екты ў Сірыі.

Паведамляецца, што пра запланаваную ваенную аперацыю ЗША папярэдзілі шэраг краін, у лік якіх Расія не ўвайшла. 

Пасля першых паведамленняў пра пачатак ваеннай аперацыі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў са зваротам да нацыі. Ён заклікаў усе цывілізаваныя краіны знайсці спосаб пакончыць з разнёй і кровапраліццем у Сірыі. Трамп спаслаўся на тое, што сірыйскія ўрадавыя войскі выкарысталі забароненую хімічную зброю, парушыўшы свае абавязанні па Канвенцыі па хімічнай зброі, і праігнаравалі настойлівыя патрабаванні Савета бяспекі ААН.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі