Жыхароў Бабруйскага раёна просяць дапамагчы знайсці метэарыт

22/05/2024 - 06:58

Перад уваходам у атмасферу метэарыт важыў 1,5 тоны / tribunapracy.by

Жыхароў Бабруйскага раёна просяць дапамагчы знайсці фрагменты метэарыта, які ўпаў уначы 1 траўня, піша "Трыбуна працы". Яркі вогненны шар зафіксавалі на паўднёвы ўсход ад Мінска. Мяркуецца, што перад уваходам у атмасферу метэарыт важыў 1,5 тоны.

У Мінскім планетарыі кажуць, што разлічана прыблізная тэрыторыя, дзе маглі ўпасці фрагменты метэарыта. Сіламі аматараў астраноміі і валанцёраў ужо праведзены першыя пошукі, якія пакуль не мелі поспеху. Падчас пошукаў выкарыстоўваліся спецыяльныя магніты.

Мяркуецца, што фрагменты метэарыта могуць знаходзіцца каля вёсак Вербкі, Раксалянка, Ізюмава і Пад'ясенка Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Спецыялісты просяць жыхароў гэтых населеных пунктаў звяртаць увагу на незвычайныя камяні розных памераў, якія ляжаць на паверхні. Метэарыт можа мець чорную абвугленую скарынку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або карычневы ржава-буры колер.

Камень з космасу атрымае назву бліжэйшага населенага пункта ад месца першых знаходак. Ён можа стаць шостым вядомым метэарытам на тэрыторыі Беларусі.

tribunapracy.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі