Журналіст КП Генадзь Мажэйка так і не выйшаў на волю

05/10/2021 - 08:54
Генадзь Мажэйка / @truekpru​

Скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Генадзя Мажэйкі, але на волю ён так і не выйшаў.

"Мяркуючы па тым, што ён не выйшаў з ІЧУ, да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту", — заявіў прадстаўнік "Камсамольскай праўды" Валянцін Алфімаў. Яго словы прыводзіць "КП". 

Паводле дадзеных выдання, абвінавачванне журналісту яшчэ не выстаўленае

Генадзь Мажэйка — аўтар артыкула, які выйшаў пасля перастрэлкі ў кватэры Андрэя Зельцэра 28 верасня. У перастрэлцы загінулі гаспадар кватэры і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Мажэйка пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцэра, якая адклікалася пра яго станоўча.

29 верасня быў заблакаваны сайт "Камсамольскай праўды ў Беларусі". 1 кастрычніка дома ў Мажэйкі прайшоў ператрус, а сам ён крыху пазней быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. Паведамлялася, што яго затрымалі ў межах крымінальнай справы, распачатай па ч. 3 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці" і арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".

У Расіі адрэагавалі на гэтыя падзеі. Блакаванне сайта ў Крамлі назвалі "парушэннем прынцыпаў свабоды СМІ", аб сітуацыі далажылі Уладзіміру Пуціну.

Пры гэтым застаецца незразумелым, пры якіх абставінах быў затрыманы Мажэйка. У МУС РБ кажуць, што журналіста затрымалі на тэрыторыі Беларусі, куды яму рэкамендавалі вярнуцца праваахоўныя органы РФ. Паводле версіі беларускага МУС, журналіст не змог вылецець з Расіі ў трэцюю краіну, бо быў унесены ў базу невыязных. Аднак, як высветліла Еўрарадыё, у базе "непажаданых" замежнікаў МУС Расіі Генадзя Мажэйкі няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі