58-гадовую Таццяну Пятруковіч асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Як піша тэлеграм-канал @viasnanazirae, яе затрымалі 24 чэрвеня перад пачаткам суда над Віктарам Бабарыкам. У сумцы жанчыны знайшлі бел-чырвона-белыя налепкі.
Спачатку Пятруковіч прывезлі ў Маскоўскае РУУС, дзе склалі пратакол па факце "дробнага хуліганства". 25 чэрвеня яе справу разглядала суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль.
Міліцыянеры напісалі ў пратакол, што жанчына "падчас прафілактычнай гутаркі гучна крычала, размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася, ускоквала з крэсла, на зробленую заўвагу спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала". Таццяна Пятруковіч аж заплакала ад крыўды, сказала, што "ніколі ў жыцці не лаялася". Паводле яе слоў, адзінае, што яна рабіла ў РУУС — плакала.
Сведка "Іваноў Іван Іванавіч" заявіў на судзе, што "ў Пятруковіч з'явіліся дэструктыўныя паводзіны, яна ўставала з крэсла". І такім чынам "сарвала прафілактычную гутарку". Пратакол жанчына ў міліцыі не змагла прачытаць — ёй не далі акуляры, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.
Суддзя Мотыль палічыла віну Таццяны Пятруковіч "цалкам даказанай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут