Збіццё Сяргея Чалага: версія міліцыі

22/05/2018 - 10:15
Бойка адбылася ў дворыку за гэтай аркай. Скрыншот: "Яндэкс.Панарамы"

Міліцыя паведамляе, што затрымала чацвярых мінчукоў, якія падазраюцца ў нападзе на незалежнага аналітыка, аўтара і вядучага праграмы "Эканоміка на пальцах" Сяргея Чалага і яго сяброў. Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па горадзе Мінску Юлія Ганчарова удакладняе, што на дадзены момант затрыманых пяцёра. Сярод іх — дзяўчына, якую не плануецца ўтрымліваць пад вартай.

Па версіі сілавікоў, напад на Чалага не звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю — гаворка ідзе пра банальную п'яную бойку.

Сяргей Чалы да і пасля збіцця. Фота: Еўрарадыё / TUT.by

Ні Сяргей Чалы, ні яго сябры не казалі журналістам пра нейкія сур'ёзныя канфлікты, у якія кампанія трапляла тым вечарам. Аднак міліцыя заяўляе, што бойка — вынік сваркі паміж двума кампаніямі, якія адпачывалі ў адным дворыку. Па гарачых слядах былі затрыманыя чацвёра мінчан, якія цяпер і падазраюцца ў здзяйсненні нападу на Сяргея і яго сябра.

 

"Аператыўныя супрацоўнікі высветлілі абставіны здарэння, і дакладна вядома, што дадзены напад спланаваным не быў.

У выніку апытання падазраваных высветліліся дадатковыя акалічнасці: ўночы на 19 траўня 2018 года ў гэтым жа двары распівала спіртныя напоі не толькі кампанія Чалага, але яшчэ і кампанія з 5 чалавек. Каля 00:30 згаданыя маладыя людзі ўжо вырашылі разыходзіцца па дамах. Праходзячы міма кампаніі Чалага, сямейная пара, якая адстала ад сваіх сяброў, пачула ў свой адрас рознага кшталту жарты, кпіны і нецэнзурную лаянку.

Прадбачачы канфлікт, муж патэлефанаваў сябрам, якія ў той час ужо адышлі наперад. Калі гэтыя грамадзяне падышлі, кампанія Чалага справакавала канфлікт, у выніку якога пачалася ўзаемная бойка, вынік якой вырашыла колькасць выпітага спіртнога і колькасць удзельнікаў", — так бачаць тое, што адбылося, у міліцыі.

Выклікае здзіўленне, наколькі катэгарычна сілавікі (са слоў падазраваных!) сцвярджаюць, хто і як справакаваў канфлікт.

Чацвёра мінчан, якія прымалі ўдзел у бойцы, цяпер затрыманыя ў парадку артыкула 108 КПК Беларусі ("Затрыманне па непасрэдна ўзніклых падазрэннях у здзяйсненні злачынства") і знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС горада Мінска. Прававая ацэнка дзеянням усіх згаданых фігурантаў гэтага здарэння будзе дадзеная Следчым камітэтам.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі