Заўзятары мінскага СКА папрасілі Лукашэнку вярнуць майкі легенд клуба

28/08/2017 - 17:19

Заўзятары мінскага гандбольнага СКА папрасілі Аляксандра Лукашэнку вярнуць стылізаваныя майкі легенд клуба. Нядаўна яны зніклі ў Палацы спорту “Уручча”. Замест іх Спартыўны камітэт Узброеных сіл вывесіў сцягі са сваёй сімволікай і сімволікай “спартыўных арганізацый краіны”. Зроблена гэта было “ў мэтах надання палацу эстэтычнага выгляду, а таксама выхавання патрыятызму і высокіх маральных якасцяў у вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу”.

У выніку майкі васьмі алімпійскіх чэмпіёнаў Аляксандра Каршакевіча, Юрыя Шаўцова, Георгія Свірыдэнкі, Аляксандра Тучкіна, Канстанціна Шараварава, Міхаіла Якімовіча, Андрэя Барбашынскага і Андрэя Мінеўскага павесілі ў іншым месцы і яны ніколі не трапляюць у аб’ектывы тэлекамер, “сталі амаль незаўважныя для наведвальнікаў арэны”. Затое падчас тэлетрансляцый гледачы бачаць сцягі Сіл спецыяльных аперацый, Ваенна-паветраных сіл…

У петыцыі, змешчанай на сайце petitions.by, заўзятары мінскага СКА пішуць, што звяртаюцца да Лукашэнкі, як да прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Яны просяць яго “заступіцца за гонар і годнасць вялікіх спартсменаў і даць даручэнне размясціць іх стылізаваныя майкі на ранейшым ганаровым месцы армейскай арэны”. На вечар 28 жніўня пад лістом было больш за 130 подпісаў.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі