Затрыманыя футбалісты “Ашмянаў” — не тыя, каго збілі ў дзень дагаварнога матчу

28/07/2016 - 13:50

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра пяцярых футбалістаў, затрыманых па падазрэнні ў несумленнай гульні. Паводле інфармацыі Еўрарадыё, гэта зусім не тыя гульцы ФК “Ашмяны”, якіх брутальна затрымаў спецназ адразу пасля матчу са сталічным “Лучом”.

2 ліпеня пасля футбольнага матчу ў першай лізе аўтамабіль з пяццю гульцамі “Ашмянаў”, якія вярталіся ў Мінск, падрэзалі дужыя хлопцы без апазнавальных знакаў. Прынамсі аднаму са спартсменаў, Сяргею Булынёнку, сілавікі нанеслі сур’ёзныя пашкоджанні на твары. Справа скончылася аперацыяй. Усіх затрыманых футбалістаў тады дапыталі і адпусцілі.

У выніку аказалася, што пяцёра падазраваных — зусім іншыя футбалісты “Ашмянаў”.

МУС паведамляе, што арганізатары скандальнай гульні, сярод якіх былі замежнікі, выплацілі несумленным футбалістам і іншым супрацоўнікам з ФК “Ашмяны” як мінімум 2000 долараў.

Раней паведамлялася, што праз азіяцкія букмекерскія канторы арганізатары маглі зарабіць на дагаварным матчы сотні тысяч еўра.

Крымінальная справа была пачатая паводле артыкула 253 Крымінальнага кодэксу (подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі