Будзем без цыгарэт? Ці паўплывае рашэнне British American Tobacco на беларусаў

15/09/2021 - 16:05
Вытворчасць цыгарэт / STR/Getty Images

British American Tobacco, адна з найбуйнейшых тытунёвых карпарацый свету, вырашыла "згарнуць" супрацоўніцтва з гродзенскай тытунёвай фабрыкай "Нёман" праз тое, што тая трапіла пад санкцыі. Цяпер BAT, мяркуючы па ўсім, не будзе заказваць вытворчасць цыгарэт у гродзенцаў. Ці застануцца беларусы без тых жа Kent і Lucky Stike?
 

Не Гроднам адным

На сёння ў Беларусі ёсць тры кампаніі, якія вырабляюць цыгарэты. Гэта, уласна, "Нёман" — лідар рынку, а таксама "Тытунь-інвест" Паўла Тапузідзіса і "Інтэр Табакка" Аляксея Алексіна.

Частка прадукцыі BAT заўсёды выраблялася не ў Гродне, а на магутнасцях "Тытунь-інвест". Напрыклад Camel. Паколькі Тапузідзіс і яго кампанія не пад санкцыямі, тэарэтычна перанесці на гэтую фабрыку можна і іншыя маркі. Аднак узнікае пытанне вытворчых магутнасцяў.

Звесткі па вытворчасці асноўнымі фабрыкамі за 2014-ы / Юнітэр

Аналізуючы больш старыя звесткі, зразумела, што 7 млрд — не "столь" для "Тытунь-інвест": у 2013-м, напрыклад, яны вырабілі больш за 7,6 млрд штук. Інвесткампанія "Юнітэр" адзначала, што тытунёвыя фабрыкі скардзяцца на маленькі памер квот — такім чынам, яны могуць сабе дазволіць яшчэ большы аб'ём вытворчасці.

Якія квоты дзейнічаюць сёння для кампаній, невядома. Аднак з "Інтэр Табакка" BAT таксама наўрад ці будзе працаваць праз тое, што Алексін знаходзіцца пад санкцыямі. Зрэшты, пры пэўным спрыце закрыць пытанні толькі за кошт "Тытунь-інвеста" цалкам магчыма, не давядзецца нават нарошчваць імпарт з той жа Расіі.
 

Не зробім, дык купім

Уявім сітуацыю: BAT цалкам перастае вырабляць цыгарэты ў Беларусі, а новых пастаўшчыкоў (напрыклад, з Расіі) мы не шукаем. Што тады?

Маркі BAT з рынку ўсё роўна не знікнуць. Некаторыя найменні ў Беларусь імпартуе прадпрыемства "Беларусьторг". Вядома, найменняў там куды менш, чым сярод тых, што вырабляюцца ў Гродне, але яны ёсць. І гэтыя імпартныя цыгарэты не адрозніваюцца па цане ад "калег", вырабленых у Беларусі. Таму рызыка застацца з цыгарэтамі, якія, аднак, прыкметна падаражэлі, таксама невялікая.
 

Удар па "Нёмане"

Калі ўсе выкладкі правільныя (а яны, паўторымся, на аснове досыць старых звестак — новых улады проста не даюць), то беларускія курцы наўрад ці будуць адчуваць сур'ёзныя цяжкасці. Чаго не скажаш пра гродзенскую фабрыку.

"Нёман" добра развіваўся менавіта дзякуючы заходнім брэндам і інвестыцыям / tabak.by

Мяркуючы па апошнім спісе прадукцыі (ён вядомы толькі дзякуючы Міністэрству па падатках і зборах, якое ўсталёўвае максімальныя цэны), больш за палову ўсіх найменняў прадукцыі ГТФ прыпадае на маркі BAT: Pall Mall, Kent, Vogue, Lucky Strike і Rothmans. Без іх у "Нёмана" застаюцца толькі такія маркі, як "Фэст", NZ і "Прэм'ер" з ніжэйшага цэнавага сегмента.

У свой час BAT шмат інвеставала ў развіццё "Нёмана", як і іншая міжнародная карпарацыя — Japan Tobacco International. Цяпер ніякіх грошай у завод яны ўкладваць дакладна не будуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі