Замежнікаў з заходніх краін хочуць абмежаваць у доступе да іх прыбытку ў РБ

15/09/2023 - 09:17

Грошы будуць залічваць на рахунак у беларускіх рублях / ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Замежнікі з так званых недружалюбных краін, якія маюць у Беларусі бізнес або валодаюць маёмасцю, у шэрагу выпадкаў змогуць атрымліваць прыбытак і дывідэнды толькі праз спецыяльныя рахункі. Пры гэтым яны не змогуць свабодна распараджацца сваімі сродкамі. Гэта прадугледжана Палажэннем аб парадку функцыянавання такіх рахункаў. Дакумент зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам і ўжо апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Рахункі будуць адкрывацца толькі ў беларускіх рублях. Грошы з іх можна будзе выдаткаваць толькі на пэўныя мэты і толькі ўнутры Беларусі. Вось гэтыя мэты:

  • фінансаванне інвестпраектаў на тэрыторыі Беларусі; пагашэнне запазычанасці па крэдытах" Банка развіцця", а таксама па рашэнні Лукашэнкі і іншых банкаў;
  • набыццё дзяржаўных каштоўных папер, эмітаваных беларускім урадам у рамках рэалізацыі спецыяльнай абмежавальнай меры па выплаце часткі прыбытку і дывідэндаў;
  • размяшчэнне ў безадзыўныя дэпазіты на тэрмін не менш за адзін год у банку, дзе адкрыты спецрахункі;
  • іншыя мэты, узгодненыя Саўмінам з прэзідэнтам.

У дакуменце прапісана, што такія рахункі будуць адкрывацца "у выпадку прымянення Рэспублікай Беларусь спецыяльнай абмежавальнай меры ў выглядзе ўстанаўлення абмежаванняў на здзяйсненне фінансавых аперацый па атрыманні замежнымі ўдзельнікамі, уласнікамі маёмасці прыбытку і (або) дывідэндаў".

Пры гэтым палажэнне прадугледжвае два віды спецрахункаў. Адзін будуць адкрываць беларускія юрыдычныя асобы — для выканання сваіх абавязацельстваў па выплаце дывідэндаў або размеркаванага прыбытку. Другі — для атрымання гэтых сродкаў — замежныя ўласнікі. Пасля адмены спецыяльнай абмежавальнай меры і беларускія юрыдычныя асобы, і замежны ўласнік павінны будуць на працягу дзесяці дзён накіраваць у банк заяву аб закрыццё спецыяльных рахункаў. Сродкі з іх будуць пералічаныя на бягучыя рахункі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі