Замежная палітыка Беларусі стала бязвектарнай — былы пасол Уладзімір Астапенка

28/05/2021 - 08:56
Уладзімір Астапенка / @nau_belarus

Беларускае МЗС і пасля выбараў, і ў гісторыі з самалётам Ryanair заняло пазіцыю страўса, які схаваў галаву ў пясок, лічыць былы пасол Беларусі ў Аргентыне, прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Уладзімір Астапенка. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве".

"Каб падтрымліваць рабочыя і прадуктыўныя адносіны з рознымі краінамі, трэба як мінімум навучыцца слухаць і чуць сваіх партнёраў", — сказаў Астапенка. Беларускі бок не пачуў прапановы прызначыць свайго судакладчыка па маскоўскім механізме АБСЕ (аб расследаванні парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі), не стаў слухаць экспертаў ААН, якія распрацавалі рэкамендацыі па заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах. Тое самае адбылося і ў гісторыі з пасадкай у Мінску самалёта Ryanair.

"Калі вы ў гэтым кантэксце спрабуеце пачаць дыялог з міжнароднай супольнасцю, то не трэба мяняць ролямі размову дыспетчара з пілотамі, — заўважыў Астапенка. — І як з гэтай пазіцыяй спрабаваць кагосьці пераканаць у свеце, калі вядома, што арыгінал размовы ўсё роўна будзе апублікаваны. Гэта зноў жа тая самая пазіцыя страўса, які апусціў галаву ў асфальт і лічыць, што яго ніхто не знойдзе".

Замежная палітыка Беларусі, па словах былога пасла, са шматвектарнай ператварылася ў бязвектарную. А кіраўнік МЗС Уладзімір Макей — у "ястраба" з тупой дзюбай. Астапенка лічыць, што Макей цяпер "відавочна не мае таго ўплыву, які павінен мець міністр замежных спраў падчас прыняцця адказных і адэкватных рашэнняў".

Паводле яго ацэнкі, краіна страціла ўсякую легітымнасць і павагу на міжнароднай арэне.

"З такімі рэжымамі, якія карыстаюцца метадамі хлусні і маніпуляцый, у свеце не хочуць мець справы. Нашы паслы могуць спатрэбіцца за мяжой толькі для таго, каб атрымаць чарговую ноту пратэсту", — адзначыў ён.

Пры гэтым новых адставак паслоў Астапенка не чакае. Па яго словах, хто хацеў зрабіць свой выбар, яго ўжо зрабіў. Астатнія будуць сыходзіць разам з рэжымам.

"Магу толькі ім параіць ва ўмовах, калі закрылася неба над Беларуссю — а па інструкцыях МЗС пралёт у Беларусь праз трэція краіны выключаецца пад пагрозай крымінальнага пераследу за крадзеж бюджэтных грошай, — выкарыстоўваць паўночных аленяў выключна за свой кошт", — паіранізаваў Астапенка.

Уладзімір Астапенка — адзін з самых вопытных беларускіх дыпламатаў, на дыпслужбе знаходзіўся з 1985 года. Перад адстаўкай працаваў паслом Беларусі ў Аргентыне. 23 верасня ў дзень "таемнай інаўгурацыі" Аляксандра Лукашэнкі падаў у адстаўку, затым далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Мінулай восенню ў дачыненні да дыпламата была заведзеная крымінальная справа па ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Гаворка ішла пра грошы за авіябілеты дадому — Астапенка змяніў маршрут, і ў МЗС, паводле яго слоў, гэта палічылі парушэннем.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі