Заходнія дыпламаты гаварылі з Макеем пра правядзенне новых выбараў

10/12/2020 - 05:31

9 снежня ў Мінску адбылася сустрэча кіраўнікоў дыпламатычных місій Еўрасаюза і дзяржаў-членаў ЕС, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Інфармацыю пра сустрэчу падае прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі. Беларускае знешнепалітычнае ведамства пра яе пакуль не паведамляе.

Гаворка ішла пра сітуацыю ў нашай краіне, дзе працягваюцца затрыманні і суды над мірнымі пратэстоўцамі. Дыпламаты пацікавіліся пра планы ўладаў Беларусі "ў дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права". Уздымалася пытанне неабходнасці спынення затрыманняў мірных пратэстоўцаў, гвалту сілавікоў, "бесчалавечнага абыходжання" з людзьмі, вызвалення ўсіх палітвязняў і "несправядліва затрыманых", судовага пераследу вінаватых у гвалце над людзьмі, у іх гібелі. Бо на сённяшні дзень у нашай краіне судзяць толькі пратэстоўцаў. Таксама дыпламаты гаварылі пра правядзенне свабодных і справядлівых выбараў пад незалежным назіраннем.

Макея "праінфармавалі... аб магчымых сцэнарах, па якіх маглі б развівацца адпаведныя двухбаковыя адносіны, калі б улады Беларусі ажыццявілі адчувальныя і значныя крокі па аднаўленні вяршэнства права". Атрымліваецца, што афіцыйны Мінск атрымаў ад Захаду варыянты нармалізацыі дачыненняў. Які будзе адказ? Магчыма будзе заява МЗС Беларусі, альбо выкажацца Аляксандр Лукашэнка. Як вядома, ЕС на наступным тыдні можа прыняць трэці пакет санкцый супраць уладаў нашай краіны.

Таксама заходнія дыпламаты заклікалі ўлады Беларусі да нармалізацыі дыпламатычных стасункаў. Між іншым, яны чакаюць, што афіцыйны Мінск "пагодзіцца на вяртанне ў Беларусь паслоў Літвы і Польшчы і іх штата дыпламатычных супрацоўнікаў да канца года".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі