Аптэка, ілюстрацыйнае фота
Загадчыцу быхаўскай аптэкай вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.
Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, ад студзеня 2020-га па снежань 2024 года жанчына махлявала з продажам лекаў за наяўныя грошы. Пры продажы яна не афармляла касавыя чэкі, а ўносіла ў інфармацыйную сістэму ілжывыя звесткі пра нібыта бясплатную выдачу медыкаментаў па рэцэптах лекараў.
На падставе гэтых звестак Быхаўская цэнтральная раённая бальніца накіроўвала дакументы на кампенсацыю выдаткаў з раённага бюджэту. У выніку на разліковы рахунак Магілёўскага РУП "Фармацыя" было неабгрунтавана пералічана больш за 95,7 тысячы рублёў з бюджэту. Частку гэтай сумы абвінавачаная ўжо кампенсавала.
Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала справу ў суд. Жанчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут