Закрываецца адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі

17/06/2024 - 10:30

БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій / belarusinfo.by

Закрываецца прыватная ВНУ "БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій", піша сайт "Зеркало". Гэтую інфармацыю журналістам пацвердзілі ў адміністрацыі навучальнай установы.

Студэнт БІП расказаў, што даведаўся пра закрыццё ўніверсітэт ў гутарцы з метадыстамі: "Рашэнне прынялі заснавальнікі, і для многіх яно будзе жахлівым сюрпрызам. Я студэнт-завочнік на апошнім курсе і цяпер нават не ўяўляю, як буду адвучвацца гэты апошні год".

На сайце ВНУ паведамлення пра закрыццё няма. Але калі журналіст затэлефанаваў у прыёмную рэктара пад выглядам бацькі аднаго са студэнтаў, сакратарка падзялілася падрабязнасцямі:

"Па рашэнні заснавальнікаў адукацыйная дзейнасць універсітэта спыняецца з 30 жніўня 2024 года. Усе студэнты, якія на дадзены момант у нас ёсць, будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ горада Мінска. Усё гэта будзе праходзіць цэнтралізавана".

Паводле яе, афіцыйная інфармацыя са спісам ВНУ, куды перавядуць студэнтаў, з'явіцца крыху пазней. У прыёмнай рэктара заклікаюць не хвалявацца і абяцаюць, што ўсе студэнты працягнуць навучанне з 1 верасня.

Сакратарка рэктара пацвердзіла, што рашэнне пра закрыццё БІП прынялі заснавальнікі: "Чаму яны так вырашылі, я не ведаю".

БІП — адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі. Установа была заснаваная ў 1990 годзе навукоўцам і прадпрымальнікам Сцяпанам Сокалам. Ён жа да 2020-га года быў рэктарам універсітэта, а 5 снежня таго года памёр (верагодна, ад каранавіруса).

Спярша ўстанова называлася Мінскай вышэйшай юрыдычнай школай пры Саюзе юрыстаў БССР. У 1991 годзе школа была перайменаваная ў Беларускі Інстытут правазнаўства, а ў сакавіку 1995-га атрымала ліцэнзію ВНУ. Статус універсітэта і цяперашнюю назву "БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій" установа атрымала ў 2021-м.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі