За замах на жыццё сілавіка прапануюць увесці пажыццёвае зняволенне

01/02/2021 - 07:02

За замах на жыццё супрацоўніка праваахоўных ораганаў ці вайскоўца ў Беларусі прапануюць караць пазбаўленнем волі ад 15 да 25 гадоў або пажыццёвым пазбаўленнем волі (арт.362). Такая мера прадугледжаная ў новым праекце Крымінальнага кодэкса, піша officelife.media.

Між тым, факты гвалту з боку сілавікоў дагэтуль не атрымалі ніякай рэакцыі з боку органаў улады. Па заявах пацярпелых не пачалі ніводнай крымінальнай справы. Часцей за ўсё праверкі па такіх заявах або спыняюцца на няпэўны тэрмін (як у выпадку з забойствам Аляксандра Тарайкоўскага), або не ў іх не знаходзяць складу злачынства (як было з гродзенскім журналістам Русланам Кулевічам, якому пераламалі абедзве рукі). Нярэдка пацярпелыя самі становяцца фігурантамі крымінальных спраў — іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

29 студзеня Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што заявы пацярпелых ад сілавікоў разгледзяць да лета 2021 года. Пры гэтым ён заявіў, што гэтыя заявы былі ўкінутыя, каб адцягнуць супрацоўнікаў органаў ад іх нармальнай дзейнасці.

За публічную абразу прадстаўніка ўлады і дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання (у тым ліку ў СМІ або ў інтэрнэце) прапануюць караць штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам.

Акрамя таго, прапануецца ўвесці ў Крымінальны кодэкс артыкул 369-1 "Дыскрэдытацыя РБ". Кары па гэтым артыкуле наступныя: да двух гадоў папраўчых работ, арышт, да двух гадоў абмежавання волі ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Што трапляе пад гэты артыкул? "Распаўсюд інфармацыі ў непрыстойнай форме, якая выказвае відавочную непавагу да беларускага народу і Рэспублікі Беларусь, здзейснены ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт".

А за наўмысны распаўсюд у любой форме заведама лжывых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае ці міжнароднае становішча Беларусі, накіраваны на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, прапануецца караць арыштам або да трох гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі