За 14 месяцаў прэзідэнта Малдовы пяты раз часова пазбавілі паўнамоцтваў

10/12/2018 - 15:38

За 14 месяцаў прэзідэнта Малдовы пяты раз часова пазбавілі паўнамоцтваў. Ігар Дадон зноў не падпісваў законы, ухваленыя парламентам, інфармуе zdg.md.

Ігару Дадону 43 гады. Ён быў дэпутатам парламента, міністрам эканомікі і гандлю, першым віцэ-прэм'ерам, ачольваў Партыю сацыялістаў. Прэзідэнтам стаў у снежні 2016 года. Раней Канстытуцыйны суд Малдовы чатыры разы (17 кастрычніка 2017 года, 2  і 5 студзеня, 24 верасня 2018-га) часова пазбаўляў Дадона паўнамоцтваў з-за таго, што ён не падпісваў шэраг законаў, ухваленых парламентам (аб прызначэнні міністраў, аб барацьбе з замежнай прапагандай ды іншыя). У выніку паўнамоцтвы прэзідэнта часова атрымліваў спікер парламента, ён падпісваў гэтыя законы, пасля чаго паўнамоцтвы вярталі Ігару Дадону. У парламенце большасць дэпутатаў з'яўляюцца апанентамі прэзідэнта.

10 снежня Канстытуцыйны суд Малдовы часова пазбавіў Ігара Дадона паўнамоцтваў пасля звароту спікера парламента Андрыяна Канду і дэпутата Дэмпартыі Сяргея Сырбу. Напярэдадні прэзідэнт паўторна адмовіўся падпісаць некалькі законаў: новы Кодэкс тэлебачання і радыё, праект будаўніцтва амбасады ЗША на тэрыторыі былога Рэспубліканскага стадыёна, рэформу Дэпартамента войск карабінераў, праект, які прадугледжвае святкаванне Дня Еўропы 9 траўня. Парламент заявіў, што Дадон парушыў Канстытуцыю, таму законы зноў прынялі ў абыход прэзідэнта.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі