За 11 месяцаў мінскія "зайцы" заплацілі 1,8 мільёна рублёў штрафаў

26/12/2018 - 14:05

За 11 месяцаў 2018 года кантралёры "Мінсктранса" сабралі штрафаў за безбілетны праезд на суму каля 1,8 мільёна рублёў. Такую суму назваў гендырэктар прадпрыемства Лявонцій Папянок, пішуць "Мінск-Навіны". Ад пачатку года кантралёры выявілі больш за 137 тысяч "зайцаў".

Дарэчы, у 2017 годзе за такі ж перыяд кантралёры аштрафавалі каля 95 тысяч "зайцаў", а штрафаў сабралі больш за 911 тысяч рублёў — удвая менш, чым сёлета.

Па словах Папянка, сёлета кантралёры лавілі ў сярэднім 12 тысяч безбілетнікаў за месяц.

Хаця колькасць "зайцаў" вырасла, спецыяліст кажа, што пасажыры больш актыўна аплачваюць праезд. "Дзякуючы ўзмацненню кантролю пасажыры ўсё ж сталі больш спраўна аплачваць праезд. Такую тэндэнцыю мы сталі назіраць прыкладна з сярэдзіны мінулага года. Спрыяюць гэтаму аснашчэнне супрацоўнікаў аўдыявідэарэгістратарамі, а таксама дзвюхзменны рэжым працы кантралёраў: яны могуць зайсці ў транспартны сродак з праверкай і а 5-й раніцы, і ў гадзіну ночы", — дадаў гендырэктар "Мінсктранса".

Сёння ў "Мінсктрансе" працуюць каля 320 кантралёраў пасажырскага транспарту.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі