“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”

13/05/2016 - 10:14
Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Углач — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, юрыст, праваабаронца, карэнны крымчанін з Сімферопаля. У міліцыі служыў да 2008 года, потым працаваў юрыстам у буйной юрыдычнай фірме ў Сімферопалі. Адразу пасля рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года выехаў з Крыма ў Херсон. Вывозіў уцекачоў з зоны АТА, баец батальёна добраахвотнікаў “Крым”, тэхнік па абслугоўванні аўтатранспарту 36-й брыгады Узброеных сіл Украіны.

 

З Дзмітрыем Углачам мы віртуальна знаёмыя з лета 2014 года. Першапачаткова пра яго мне расказаў беларускі актывіст і валанцёр Андрэй Стрыжак. Мы стэлефанаваліся і Дзмітрый расказаў, як у Крыме праходзіў так званы “рэферэндум”, і як валанцёры вывозяць людзей з занятага сепаратыстамі Данецка. Потым па яго просьбе Еўрарадыё звярнулася да так званага “прэм’ер-міністра ДНР” Захарчанкі, каб ён дапамог вызваліць з палону шэраг ўкраінскіх ваенных. Далей быў аповед Дзмітрыя Углача пра службу ў 36-й брыгадзе марской пяхоты і пра тое, якія на самой справе “Хамеры” перадаюць ЗСУ амерыканскія ваенныя. І вось новая нагода для размовы, нечакана высвятляецца, што герой колішніх матэрыялаў Еўрарадыё знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў у Славакіі — папрасіў там прытулку…

 

Людзей, якія стаялі на Майдане і якія са зброяй у руках абаранялі Украіну, арыштавалі за… сепаратызм!

 

Еўрарадыё: У снежні 2015 года вы былі ў 36-й брыгадзе, а цяпер у лагеры ўцекачоў у Славакіі… Што змянілася?

Дзмітрый Углач: Дэмбеля я так і не дачакаўся, мяне камісавалі пасля кантузіі і накіравалі ў шпіталь у горад Роўна. У канцы лютага я даведаўся, што Службай бяспекі Украіны быў затрыманы мой былы камандзір батальёна добраахвотнікаў “Крым” Стас Красноў. І дзён праз пяць пасля з’яўлення гэтай інфармацыі да мяне ў шпіталь прыйшлі супрацоўнікі СБУ з прапановай даць хоць які кампрамат на Краснова. Я адказаў, што ніякага кампрамату не маю і на гэтым тая размова скончылася.

У канцы сакавіка ў складзе маніторынгавай групы па праблемах перасяленцаў я быў у Краматорску, разбіраліся з пытаннем спынення сацыяльных выплат перасяленцам на падставе таго, што яны нібыта не знаходзяцца на кантынентальнай Украіне. Знайшлі безліч парушэнняў у дачыненні да гэтых людзей з боку спецслужб і сілавых ведамстваў. Што і напісалі ў сваёй справаздачы. Жылі мы ў гатэлі “Краматорск”, дзе знаходзіцца штаб СБУ па ўсёй зоне АТА.

І там да мяне зноў прыходзяць аператыўнікі і пачынаецца: “А ці падтрымліваеце вы адносіны са сваякамі ў Крыме?”, “Нам стала вядома, што вы бывалі на акупаваных тэрыторыях” — гэта калі я быў валанцёрам і людзей з Данецка вывозіў, “Нам стала вядома, што вы служылі ў бандыцкім фармаванні — батальёне “Крым””. Памятаеце, як на мяжы з Крымам апоры электраперадач падарвалі? Дык нібыта гэта зрабілі былыя служачыя батальёна “Крым” крымска-татарскай нацыянальнасці. “Ці не перадавалі вы ім, калі служылі ў 36-й брыгадзе, супрацьтанкавыя міны, якімі і падарвалі апоры?”. Ну, і гэтак далей. Мяне апыталі, я ім даў тлумачэнні і спакойна вярнуўся ў Роўна, а 19 красавіка — на далейшае лячэнне ў Ужгарад. А праз некалькі дзён да мяне зноў прыходзяць супрацоўнікі СБУ! Прычым, з жорсткім патрабаваннем: “Вам неабходна прыбыць у Кіеў у якасці сведкі”. І пачалі патрабаваць ад дактароў, каб мяне выпісалі.

Усіх людзей, якія ў батальёне служылі адкрыта і былі вядомыя іх прозвішчы, цяпер выклікаюць на допыты ў СБУ, а дваіх маіх добрых знаёмых, крымскіх татар Эльдара і Фіфзі арыштавалі за… сепаратызм! Людзі, якія стаялі на Майдане і якія са зброяй у руках абаранялі Украіну! 

Дзмітрый Углач

Еўрарадыё: Вы ж далі паказанні, што нічога не ведаеце па пытаннях, якія іх цікавяць?

Дзмітрый Углач: Каб зразумець, што адбываецца, я звязаўся з былымі саслужыўцамі па “Крыме” і даведаўся, што ўсіх людзей, якія ў батальёне служылі адкрыта і былі вядомыя іх прозвішчы, цяпер выклікаюць на допыты ў СБУ, а дваіх маіх добрых знаёмых, крымскіх татар Эльдара і Фіфзі арыштавалі за… сепаратызм! Людзі, якія стаялі на Майдане і якія са зброяй у руках абаранялі Украіну!

У выніку 5 траўня ў шпіталь за мой заявіліся супрацоўнікі СБУ. Пашанцавала, што разам са мной у шпіталі ляжалі хлопцы са 128-й горна-пяхотнай брыгады, якой мы дапамагалі выходзіць з Дэбальцава. Хлопцы даведаліся, што ў СБУшнікаў ніякіх афіцыйных дакументаў на мяне няма, пасадзілі мяне ў машыну, прывезлі на ўкраінска-славацкую мяжу. Перайшоў мяжу я афіцыйна і адразу папрасіў тут прытулку. Дарэчы, крымскі праваабаронца Рычард Сідней цяпер знаходзіцца ў Польшчы, дзе таксама папрасіў прытулку — яго таксама вымусілі да гэтага абсурдныя абвінавачванні з боку СБУ.

Дзмітрый Углач у шпіталі, фота з архіва Дзмітрыя Углача

Але цяпер сітуацыя іншая: я бачу, што людзі ўжо не разумеюць, за што ваююць. Не так даўно дэмабілізавалася “чацвёртая хваля”, ім прапаноўвалі кантракт, і амаль ніхто не пагадзіўся. На пачатку ліпеня будзе сыходзіць “пятая хваля” на дэмбель, потым “шостая” і хто там застанецца і будзе бараніць гэтую краіну, я не ўяўляю.

Я пакуль быў у Ужгарадзе, размаўляў з людзі і разумею: столькі нелегальнай зброі, колькі цяпер ва Украіне, не прывядзе ні да чаго добрага. У выпадку сацыяльнага выбуху ўжо будуць не аўтагумы на Майдане… Бо стаўленне ўлады да байцоў АТА жахлівае. У Ужгарадзе жыве вядомы ўсім хлопец з горна-пяхотнай ужгарадскай брыгады з пазыўным “Хабіб”. Чалавек, які скраў у сепаратыстаў танк, а потым адбіў і прыгнаў да сваіх “Град” з поўным боекамплектам, дэмабілізаваўся, вярнуўся дахаты і не можа атрымаць ільготы, прыпісаныя ў законе.

 

Максімум, на што я магу разлічваць — талерантнае знаходжанне, якое даецца на год

 

Еўрарадыё: Што за ўмовы ў тым лагеры ўцекачоў, дзе вы знаходзіцеся?

Дзмітрый Углач: Лагер у горадзе Гумэнэ у 80 кіламетрах ад украінскай мяжы. Гэта каранцінны лагер, і пераважна тут людзі з Самалі, Эфіопіі, Ганы. Тут я мушу прайсці поўны медыцынскі агляд, запоўніць усе дакументы і прайсці сумоўе з чыноўнікам міграцыйнай службы, а пасля мяне перавязуць у адзін з двух “бытавых” лагераў пад Браціславай, дзе я буду жыць, але мець магчымасць выходзіць у горад.

Еўрарадыё: Якія шанцы на атрыманне прытулку?

Дзмітрый Углач: Кажуць, што нерэальныя. Максімум, на што я магу разлічваць — талерантнае знаходжанне, якое даецца на год. Я змагу жыць у Славакіі і працаваць. Працу мне знайсці дапамогуць і пасля атрымання першага заробку я мушу пайсці ў самастойнае жыццё: здымаць кватэры, плаціць за медабслугоўванне і гэтак далей.

Еўрарадыё: Якія перспектывы?

Дзмітрый Углач: Яны заўжды ёсць у тых, хто хоча працаваць. Працу знайсці можна. Гэта тыя, хто хоча не працаваць, а сядзець на шыі ў дзяржавы, той будзе бясконца патрабаваць для сябе нейкіх сацыяльных гарантый.

 

Я калі ішоў на вайну, то разумеў: што са мной можа здарыцца і якія могуць быць наступствы асабіста для мяне. А цяпер я не разумею, чаго чакаць! 

Танк — не, а вывезці аўтамат, пісталет ці гранаты з АТА — не праблема

 

Еўрарадыё: Няправільна, калі чалавеку не знаходзіцца месца ў сваёй краіне…

Дзмітрый Углач: Проста ў нас прынялі вельмі шмат выдатных законаў, але на іх выкананне няма грошай. Глядзі: у мяне да гэтага часу ў пашпарце стаіць крымская прапіска. І каб атрымаць пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў, мне ў штабе часці выдалі пакет дакументаў, якія я павінен здаць у ваенкамат. Як вымушанага перасяленца мяне прапісалі часткова па адрасе шпіталя, дзе я ляжаў, і я пайшоў у мясцовы ваенкамат. Там паглядзелі пашпарт і кажуць: “Гэта не да нас, а па месцы рэгістрацыі”, “Вы мне прапаноўваеце паехаць у Крым, прыйсці ў расійскі ваенкамат і прасіць пасведчанне удзельніка АТА?”. Паабяцалі ўсім удзельнікам АТА зямлю даць. Ужгарадскія ўлады зямлю хлопцам далі каля ачышчальных пабудоў. Уявіце сабе, якая там экалогія і пахі. У законе “Аб сацыяльнай абароне ваеннаслужачых” напісана ўсё прыгожа, але нічога не працуе. Два гады прайшло, а прынятыя законы проста не працуюць: у чыноўнікаў ёсць свае нейкія нарматыўна-прававыя акты, загады па міністэрстве…

Прыходзіць, але не заплечнік з асабістымі рэчамі, а мой “заплечнік дэсантніка” з боекамплектам. З зоны АТА “Новай поштай” ў Адэсу афіцыйна прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі, усім астатнім! 

Дзмітрый Углач
Дзмітрый Углач, фота з архіва

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі