У дзіцячым садку-яслях №534 у Мінску адбыўся пажар, але ахвяраў удалося пазбегнуць дзякую сістэме паведамлення пра надзвычайныя сітуацыі "Маланка".
Як паведамляе прэс-служба ратавальнікаў, інфармацыю пра задымленне ў садку работнікі МНС атрымалі 14 снежня ў 9.42. Праз пяць хвілін ратавальнікі прыбылі на месца выкліку.
Звонку дыму не было відаць, адміністрацыя садка праводзіла эвакуацыю дзяцей з двухпавярховага будынка.
Падчас разведкі ратавальнікі выявілі, што ў электрашчытавой на першым паверсе аплавілася ізаляцыя электраправодкі і пластыкавых карпусоў аўтаматаў абароны.
На гэты момант з садка былі эвакуяваныя 287 чалавек, у тым ліку 246 дзяцей: 29 — ва ўзросце 2-3 гады і 217 — 3-7 гадоў, а таксама 41 работнік. Пацярпелых пры здарэнні няма.
Пажар быў лакалізаваны ў 9.52, ліквідаваны ў 9.53. Мяркуецца, што яго прычынай стала кароткае замыканне.
Цалкам эелктрычнасць у садку аднавілі праз гадзіну. Здарэнне не паўплывала на працу харчаблока садка, і дзяцей абедам пакарміць паспелі.
Фота: mchs.gov.by