З 24 снежня даражэе праезд у Мінску: метро — 5500, наземны транспарт — 5000

22/12/2015 - 13:59

З 24 снежня даражэе праезд у Мінску. Адна паездка ў метро будзе каштаваць 5500, аўтобусе, тралейбусе і трамвае — 5 тысяч. Аб павышэнні коштаў паведамляецца ў афіцыйным твітары “Мінскага метрапалітэна”: “Афіцыйна: з 24 снежня кошт адной паездкі ў метрапалітэне будзе складаць 5500 рублёў (Рашэнне МГВК № 3535 ад 2015/12/17)”.

На “гарачай лініі” “Мінсктранса” Еўрарадыё пацвердзілі, што наземны транспарт таксама падаражэе.

На картку паездкі на метро і наземны транспарт будуць залічаць асобна. Калі раней можна было купіць 30 паездак і выкарыстоўваць іх і ў метро, і ў аўтобусе, то цяпер трэба будзе выбіраць колькі паездак на які від транспарту купляць.

Паездкі набытыя да падаражання будуць дзейнічаць на ўсе віды транспарту пакуль не скончацца. Як падаражэюць праязныя пакуль невядома.

Аб павышэнні коштаў на праезд у грамадскім транспарце Мінска стала вядома некалькі тыдняў таму. Паведамлялася, што метро будзе каштаваць 5500, а наземны транспарт — 5000 рублёў. Дагэтуль праезд усімі відамі грамадскага транспарту (акрамя маршрутных таксі і экспрэс-маршрутаў) быў роўны і складаў 4500 рублёў (5 тысяч у кіроўцаў).

Мінчукам прыйдзецца лічыць, колькі разоў ехаць у метро, а колькі — аўтобусам

Начальнік працэсінгавага цэнтра "Мінстранса" Міхаіл Сладзінскі кажа, што ў новых умовах мінчукам фактычна давядзецца купляць два праязныя — на наземны транспарт і ў метро. Пры гэтым усе паездкі будуць "запісаныя" на адну картку.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі