Ёсць падставы лічыць, што інсульт быў справакаваны штучна — Статкевіч

19/03/2026 - 09:56

Мікалай Статкевіч пасля вызвалення / Архіў

Мікалай Статкевіч мяркуе, што да інсульту яго давялі наўмысна, падмяняючы лекі пасля захворвання на кавід. Пра гэта экс-палітвязень піша ў сваім тг-канале.

Статкевіч кажа, што ў зняволенні перанёс тры кавіды. Пасля другога з іх у гомельскім СІЗА яму прапісалі пэўныя лекі. Іх дасылала ў калонію жонка. Ва ўмовах інкамунікада гэта была адзіная магчымасць сувязі паміж імі.

Але з верасня 2025-га, калі Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь, яго месцазнаходжанне хавалі і бандэролі з лекамі да яго не даходзілі.

"Мне сказалі, што будуць выдаваць свае "аналагі". Так, напрыклад, прафілактычны сродак ад тромбаўтварэння ў крыві "Ксарэлта" замянілі на аспірын. Потым, у турэмных бальніцах дактары дружна кпілі, чамусьці з мяне, з-за гэтай замены і казалі, што такая замена пры паслякавідных праблемах недапушчальная, што гэта яна і выклікала ў мяне інсульт. Такім чынам, у мяне ёсць усе падставы лічыць, што гэты інсульт быў справакаваны штучна і наўмысна", — піша экс-палітвязень.

Ён дадае, што дактары ў турэмных бальніцах зрабілі ўсё для мінімізацыі наступстваў інсульту: "Ён не закрануў ніводнай з фізічных функцый майго арганізма, акрамя маўлення. Зараз я адчуваю сябе добра, ціск — пастаянныя для мяне 120/80. Зноў пачаў заняткі фізкультурай. Рэгулярна займаюся анлайн з лагапедам пані Юліяй - беларускай, якая жыве ў ЗША".

Таксама Статкевіч паведамляе, што ў зняволенні яго шэсць разоў запар каралі шасцю месяцамі адзіночнай камеры. "Цяжкавата гадамі не бачыць неба над сабой нават праз сетку. Ды яшчэ 1-2 разы штомесяц трапляць у ШІЗА, у якім я правёў агулам каля года. Такога там яшчэ не рабілі ні з кім. Дасведчаныя арыштанты казалі, што мяне "умертвляют, типа, по естественным причинам", — дзеліцца ён падрабязнасцямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі