Яўген Заічкін, чые здымкі абляцелі інтэрнэт, жывы

10/08/2020 - 13:19

Мінчук Яўген Заічкін, чые фота абляцелі інтэрнэт, жывы. Ён распавёў журналістам, як яго затрымалі. 

Здымкі, на якіх хлопец без прытомнасці ляжыць у крыві на траве, выклікалі шмат чутак. Паведамлялася нават, што ён загінуў. 

"Фатаздымкі, напэўна, рабілі ў момант, калі мяне з аўтазаку пераносілі ў "хуткую дапамогу". Мне ў аўтазаку стала кепска, і я страціў прытомнасць. Я так зразумеў, што "хуткая" не магла пад’ехаць, таму мяне паклалі на зямлю, а дактары ўжо дабіраліся да мяне праз людзей", — распавёў Яўген у каментары Радыё "Свабода".

Па словах хлопца, на ім была белая майка, якую парвалі падчас затрымання. Таму на здымках ён ляжыць толькі ў шортах і кедах, бачныя ўсе ягоныя тату.

Затрымалі Яўгена і яго кампанію, калі яны ішлі з падземнага пераходу на Нямізе і рухаліся ў бок стэлы. Каля іх спыніўся белы мікрааўтобус, з якога выскачылі 5-6 чалавек у чорнай форме з надпісам АМАП. "Накінуліся на нас, пачалі заштурхоўваць у машыну. Я калі пабачыў, што яны бягуць, зразумеў, што гэта па нас. Я стаў на калені, выцягнуў рукі, каб паказаць, што ў мяне нічога няма. Але гэта іх не спыніла", — згадвае хлопец.

Заічкін кажа, што яго збілі так, што дактары наклалі чатыры швы на губу і паведамілі пра страсенне мозгу, але пераломаў не было. "Крыві шмат выцекла. У аўтазаку я ўвесь быў у крыві, мне далі нейкую вату, яна засохла, папрыліпала да адзення", — дадае ён.

Зранку ў шпіталь да хлопца прыйшоў міліцыянт, які апытаў яго. "Яны мне выпісалі паперу, каб я зафіксаваў збіццё. Але я адмовіўся, распісаўся толькі пад тым, што ён пытаў. Напэўна, я не буду скардзіцца, гэта проста бессэнсоўна", — кажа Заічкін.

Ён папрасіўся, каб доктар выпісаў яго дадому.

Дарэчы, у палаце з Яўгенам быў яшчэ адзін пацярпелы. У яго, як кажа хлопец, была разбітая галава. 

Паводле прэс-службы МУС, уначы на 10 жніўня ў 33 гарадах прайшлі вулічныя пратэсты. Міліцыя паведамляе, што па ўсё краіне затрымалі каля 3000 чалавек, у тым ліку каля тысячы — у Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі