Мінск і яго жыхары / Еўрарадыё
У Мінску зменены пералік дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. Адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама ад 11 сакавіка 2021 года №795 "Аб змяненні рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 26 чэрвеня 2003 года №1013" апублікавана на Нацыянальным прававым партале pravo.by.
З самой назвы пераліку выключана слова "мінімальныя" — цяпер гэта проста "дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва Мінска". І гэта, бадай, самае глабальнае змяненне. Еўрарадыё вырашыла параўнаць новую версію стандартаў з больш раннімі, каб зразумець, як з гадамі мяняліся патрэбы жыхароў Мінска (на думку чыноўнікаў, вядома).
Яшчэ ў 2007 годзе лічылася, што мінчук расходуе "не менш за 260 літраў у суткі на аднаго чалавека, у тым ліку не менш за 130 літраў у суткі — на гарачае водазабеспячэнне". Аднак з 2014-га кожнаму мінчуку належыць па 140 літраў вады ў суткі, 70 літраў з якіх — гарачая.
Магчыма, чыноўнікі палічылі, што жыхары сталіцы занадта марнатраўна ставяцца да спажывання вады.
Тут прагрэс. У 2014 годзе чыноўнікі ўстанавілі патрабаванне "1 камп'ютар, у тым ліку партатыўны, на 30 навучэнцаў ці не менш за адзін камп'ютарны клас на ўстанову". Цяпер жа — па камп'ютары прыходзіцца на дзесяць чалавек, а камп'ютарных класаў павінна быць у навучальнай установе не менш за два.
IT-краіна як-ніяк!
У 2007 годзе на 1000 чалавек павінна было быць адкрыта 260 квадратных метраў гандлёвых плошчаў. У 2021 годзе — ужо 610 квадратных метраў!
Каб заможным грамадзянам было куды ў краму схадзіць.
І тут рост. У 2007 годзе нормы прадугледжвалі ўсяго 17 месцаў у грамадскім харчаванні на 1000 чалавек. Да 2021-га гэты паказчык вырас амаль у тры разы: да 45 на 1000 мінчукоў.
Узровень жыцця за 14 гадоў вырас настолькі, што ўтрая больш жыхароў сталіцы могуць сабе дазволіць сняданак, абед ці вячэру не дома?
"Вярніце мой 2007-ы" наўрад ці скажа медык, які тады працаваў у хуткай. 14 гадоў таму на адну брыгаду прыпадала 14,5 тысячы жыхароў сталіцы. Цяпер жа іх разгрузілі на цэлых 500 патэнцыйных пацыентаў — 14 тысяч чалавек на брыгаду.
У 2004 годзе на кожнага доктара прыпадала па 1400 мінчукоў, у 2021-м — 1300.
Але і дактароў цяпер гораду трэба больш: насельніцтва Мінска, паводле звестак перапісаў насельніцтва, павялічылася з 1 766 000 чалавек у 2004 годзе да 2 018 281 у 2020-м. У 2004-м сталіцы хапала 1261 доктара, цяпер — 1552.
Можна было б напісаць, што за 15 гадоў у сталічных дактароў працы стала менш, аднак не будзем забываць пра пандэмію каранавіруса, якую цяжка схаваць нават за афіцыйнай статыстыкай Мінздароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.