Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў, што Беларусь нельга назваць "паліцэйскай дзяржавай", бо на 100 тысяч грамадзян тут толькі 405 супрацоўнікаў міліцыі. Гэта супастаўна з колькасцю паліцыянтаў у краінах Еўропы, мяркуе чыноўнік. Да таго ж, МУС плануе аптымізаваць сваю структуру, то бок — скараціць частку супрацоўнікаў.
Звесткі, якія агучыў міністр, больш як у тры разы разыходзіцца з лічбай, якую ў 2013 годзе са спасылкай на даследаванне ААН апублікавалі праваабаронцы — 1442 міліцыянта на 100 тысяч грамадзян Беларусі. Іншыя лічбы былі і ў папярэднікаў Шуневіча на высокай пасадзе. Юрый Сівакоў (быў міністрам у 1999-2000 гадах) казаў пра 112 тысяч супрацоўнікаў МУС, Уладзімір Навумаў (узначальваў МУС з 2001 па 2009 год) — пра 89 тысяч. Гэта адпаведна 1178 і 936 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек.
Старшыня Беларускага хельсінскага камітэта Алег Гулак кажа, што нават сціплая лічба, агучаная Шуневічам, перавышае міжнародныя нормы па колькасці праваахоўнікаў. Тая ж ААН рэкамендуе, каб у краіне было не больш за 222 паліцэйскія на 100 тысяч грамадзян. А другое пытанне, якое адразу ўзнікла ў праваабаронцы: каго міністр залічыў у міліцыянты, а каго — не:
"Тут вялікае пытанне: што такое "супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў", каго яны палічылі, а каго не. Хутчэй за ўсё, лічба, якую агучыў Шуневіч, гэта тыя людзі, якія носяць пагоны. А там яшчэ шмат людзей без пагонаў".
Алег Гулак мяркуе, што міністр назваў колькасць атэставаных міліцыянтаў. Але ў аддзелах па грамадзянстве і міграцыі і ў іншых міліцэйскіх структурах ёсць шмат супрацоўнікаў, якія не носяць форму. Тым не менш, яны з'яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, і іх варта было б улічваць, калі ацэньваецца агульная колькасць міліцыянтаў у краіне.