“Вырай калыша хмары”: гурт Prypiać выпусціў новы сінгл. Паслухайце і вы!

25/09/2026 - 14:48

гурт Prypiać / @johnny_cosmic

Малады беларускі постпанк-гурт Prypiać выпусціў новы сінгл “Калыханка”. Гэта ўжо чацвёрты рэліз гурта — і першы з жывымі барабанамі. 

Prypiać — гэта праект 18-гадовага Казіміра Савіцкага, сына бас-гітарыста “Петли пристрастия” Цімафея, які таксама ўдзельнічае ў гурце. Разам з імі іграе Дзяніс Тарасенка з “Разбітага сэрца пацана”. Дарэчы, гурт ужо зняў два кліпы на свае песні.

“Калыханку” таксама можна паслухаць тут.

Цімафей Савіцкі абяцае, што гурт будзе выдаваць па сінгле ў месяц, і неўзабаве іх набярэцца на альбом. 

— Цяпер амаль ніхто ўжо не слухае музыку альбомамі. Як стваральнікі, мы высока цэнім сваю работу, таму хочам даць кожнай песні магчымасць пражыць сваё ўласнае жыццё, — кажа Цімафей.

“Адысея па змярканні ў беларускім горадзе”

Як кажа аўтар песні і вакаліст гурта Казімір Савіцкі, адна з галоўных задач “Калыханкі” — стварэнне невялічкага сусвету, які выклікае настальгічныя вобразы. 

— Я паспрабаваў зрабіць знаёмы і ўсё ж крыху містыфікаваны свет, дзе “вырай калыша хмары”, а камунальшчыкі ў сваіх аранжавых адзёжах уброд пераходзяць канавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі