Выпускныя ў Мінску пройдуць па-новаму — па-за межамі школ

12/05/2026 - 13:40

Выпускнікі, ілюстрацыйнае фота / ctv.by

Сёлета выпускныя вечары для мінскіх адзінаццацікласнікаў пройдуць па-новаму. Яны прызначаныя на ноч з 12 на 13 чэрвеня.

Урачыстая частка адбудзецца ў школах. А пасля яе выпускнікоў збяруць на буйных гарадскіх пляцоўках для агульных святкаванняў з канцэртамі, дыскатэкамі і выступамі артыстаў, пішуць "Мінск-Навіны".

Урачыстую частку ў школах рэкамендуюць пачынаць у 19:00-20:00. Падчас яе школьнікі атрымаюць атэстаты ў сваіх школах і гімназіях. У праграме таксама запланаваныя творчыя выступы, развітальны вальс і падзякі педагогам.

А пасля паўночы школьнікі адправяцца святкаваць на чатырох буйных пляцоўках горада. Больш за 2700 выпускнікоў Заводскага і Ленінскага раёнаў збяруцца ў "Чыжоўка-Арэне". Яшчэ 4500 школьнікаў з Савецкага, Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў адправяцца на "Футбольны манеж". Выпускнікоў Першамайскага і Партызанскага раёнаў чакае Палац спорту, а Кастрычніцкага — спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Толькі для выпускнікоў Фрунзенскага раёна агульнай пляцоўкі не падабралі: больш за 3,5 тысячы выпускнікоў будуць святкаваць у сваіх школах і гімназіях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі