Вярхоўны суд РБ можа прызнаць "нефармальную арганізацыю" Пуцілы "тэрарыстычнай"

24/03/2022 - 09:02

Генпракурор РБ Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд Беларусі заяву "аб прызнанні нефармальнай арганізацыі "NEXTA" з уваходзячымі ў яе структурнымі падраздзяленнямі "NEXTA Live" і "LUXTA" тэрарыстычнай". Прэс-служба Генпракуратуры ўдакладняе, што ініцыятыва належыць КДБ РБ. Генпракурор яе ўхваліў, ён спасылаецца на закон "Аб барацьбе з тэрарызмам".

Генпракуратура нагадвае, што кіраўнік "нефармальнай арганізацыі", заснавальнік некалькіх тэлеграм-каналаў Сцяпан Пуціла ўключаны КДБ у спіс асоб, якія "датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці". Сцвярджаецца, што яго структура з сярэдзіны 2020 года "аб'ядноўвае па-экстрэмісцку настроеных асоб і схіляе іх да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых акцыях пратэсту", ад супраціву сілавікам і нават да "здзяйснення актаў тэрарызму". Генпракуратура спасылаецца на матэрыялы крымінальных спраў, якія знаходзіліся ці знаходзяцца ў вытворчасці следчых падраздзяленняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі