Вулічны музыка Ігар Пятрэнка: Я прапанаваў сябе ў якасці мадэлі майстра Ёды

19/07/2017 - 14:58

Знаёмцеся ― гэта Ігар Пятрэнка, вулічны музыка. Кожны дзень ён выходзіць на працу ― выконвае пад гітару рускі рок альбо ў раёне мінскага ГЦ “Імпульс” на вуліцы, альбо ў пераходзе на Якуба Коласа. Хаця, натуральна, не цураецца і іншых месцаў у горадзе, асабліва, калі ганяюць міліцыянеры.

Ігару 27 гадоў. Яго рост ― 138 см. Захворванне Ігара рэдкае ― сіндром 3-М, і на 1989 год нараджэння такіх, як хлопец, было каля ста чалавек у свеце.

 

“У кожнага чалавека ў свеце ёсць мара стаць супермэнам”

“Калі мне было 13 гадоў, я даведаўся, што дзецям з такім захворваннем ламаюць канечнасці і штучна выцягваюць. Але пры такой аперацыі ёсць рызыка, што косці зрастуцца няправільна. Я ведаў хлопчыка, які пайшоў на такую аперацыю і дагэтуль ходзіць на мыліцах. А я адмовіўся ад гэтай аперацыі, і бацькі не сталі ціснуць. Тады падумаў, што пофіг, сам дам рады. Натуральна, што ў кожнага чалавека ёсць мара стаць хутчэйшым, вышэйшым і мацнейшым, стаць супермэнам. І ў мяне ўзнікалі думкі, што было б здорава вырасці, але не з цяжкім дэпрэсіўным пачаткам, а так: было б някепска, але гэтага ніколі не будзе”.

Ігар рос адзін у сям'і. У садок не хадзіў. Праўда, бацька не вытрымаў выпрабавання асаблівым дзіцем, спужаўся адказнасці і пакінуў сына з маці. З таго часу яны не бачыліся.

“Навошта? Хіба ў людзей ёсць імкненне ўбачыцца з незнаёмым чалавекам? У мяне няма”, ― паціскае плячыма хлопец.

Дзяцінства Ігар успамінае з усмешкай. Кажа, што як у любога нармальнага дзіцяці яго любімым заняткам было гуляць у двары з сябрамі. У хованкі, машынкі, даміно, выпальваць лупамі, лазіць па дрэвах.

“Дзіцянства ― гэта тое, што вызначае далейшае жыццё, гэта прашыўка. Бо калі дзяцінства было кепскім, асоба можа спаласавацца глыбокімі комплексамі. А ў мяне дзяцінства было здораўскім. Я ішоў у авангардзе, за мной пацаны бегалі гуськом. Я быў вельмі "дзвіжовы". Не ведаю, ці то бацькі так сяброў выхавалі, але не было стэрыатыпаў наконт таго, што я маленькі. Таму атрымалася, што я сябе, уласна, і успрымаў такім, якім я ёсць. Мяне ніхто не крыўдзіў у двары, хіба што якія залётныя хуліганы”.

У школе ў пачатковых класах Ігар вучыцца на “выдтна”, праўда, смяецца, пазней справу робіць пераходны ўзрост, і вучоба перастае быць важнай. Ігар любіць біялогію, працу, геаграфію, гісторыю, літаратуру, але сваю ― фантастыку.

Ігар ля падезда свайго дома

“Калі двор і сябры ― гэта адзін соцыюм, то школа ― гэта “вітаю, жорсткі свет”

Але школа, апроч вучобы, гэта яшчэ і аднакласнікі. Тут упершыню Ігар і сутыкаецца з негатыўным стаўленнем да сябе:

“Калі двор і сябры ― гэта адзін соцыюм, то школа ― гэта “вітаю, жорсткі свет”. Прыйшлося нармальна сутыкнуцца з рэальнасцю: ты не такі, як усе, і не ўсе гатовыя з гэтым лічыцца, не ўсе будуць на гэта заплюшчваць вочы, некаторыя будуць высмейваць. Але ў мяне пазіцыя была даволі агрэсіўная. На высмейванне я мог кінуць колкае слова і збегчы. Я не біўся з-за фізіялагічных асаблівасцяў, але драпака і цяпер магу даць, хаця, навошта, калі канфлікт заўсёды можна замяць? Біўся я толькі двойчы ў школе: аднойчы за канкрэтную абразу ў мой адрас, а другі ― за антысеміцкую тэму. У мяне прадзед быў родам з Адэсы, Леў Якаўлевіч Гітэльзон, супергерой майго дзяцінства. Ён у 94-м годзе з'ехаў з Беларусі па ізраільскай праграме і вельмі граматна зрабіў”.

Пакуль маці Ігара не выйшла другі раз замуж і не нарадзіла яму брата, хлопец часта заставаўся дома адзін ― быў вельмі самастойным.

“Мама вучылася на вячэрнім аддзяленні ва ўніверсітэце. А я глядзеў “Добрай ночы, малышы”. Ведаў, што пасля гэтага трэба вячэраць і мыцца, потым ішла “Калыханка” па БТ, і я клаўся спаць. Хаця заўсёды хацелася ўключыць тое, што глядзяць дарослыя. І аднойчы я ўсё ж рызыкнуў і паглядзеў “Зорныя войны: Імперыя наносіць удар”. Гэта быў шок! Дагэтуль я фанат сагі. Дарэчы, нядаўна пазнаёміўся з хлопцам, прафесійным касплэерам “Зорных войнаў” у Беларусі. Я прапанаваў сябе ў якасці мадэлі ― быць у Мінску першым Ёдам. Цяпер вырашаем гэтае пытанне”.

Любімы раён Ігара ў Мінску ― Зялёны Луг

“Я пайшоў у жыццё. Яно пайшло па маім сцэнарыі, хаця, з боку гэта выглядае як разгульная цыганшчына”

Пасля школы Ігар спрабуе паступіць на архіавазнаўства гістфака БДУ, але не набярае патрэбных балаў. Распавядае, што маці з бабуляй марылі, каб Ігар стаў навуковым супрацоўнікам. Але калі хлопцу прапанавалі завочна вучыцца на гістфаку, маці запратэставала: “Ідзі ў ПТВ, а то будзеш біць лынды”. У выніку Ігар стаў страхавым агентам, праўда, адпрацаваўшы два гады па размеркаванні, хлопец з палёгкай уздыхнуў.

“Я пайшоў у жыццё. Яно пайшло па маім сцэнарыі, хаця, з боку гэта выглядае як вольная разгульная цыганшчына. Я з галавой ударыўся ў музыку, акунуўся ў андэграўнд. Гэта ў нейкім сэнсе куцёж, у нейкім ― пастаянная творчасць, уражанне, вандроўка. Гэта здорава, калі ты малады. Я не бачыў, у чым будаваць кар’еру, я хацеў звязаць сваё жыццё з музыкай. Знайшоў дома аўдыёкасеты “Чёрный пёс Петербург” ДДТ, Любэ і “Машины времени”. Шаўчук уражваў харызмай, паліў словам, я слухаў гэтыя песні і не разумеў, пра што яны. “І даже в поездах котлеты с глазамі”… Мая дзіцячая псіхіка была пад уражаннем. І дагэтуль, хто гоніць на рускі рок, раю паслухаць да канца канцэрт “Чёрный пёс Петербург”. Дзякуючы Шаўчуку, я палюбіў паэзію. Тады ж папрасіўся ў музычную школу, хацеў займацца на скрыпцы, а нам адмовілі: месцаў няма. Мне падаецца, што не месцаў не было, а выкладчыкі не хацелі браць на сябе адказнасць і займацца з нестандартным дзіцем, маўляў, да яго індывідуальны падыход патрэбны. Так што, музычнай адукацыі я не маю”.

Цяпер Ігар, падаецца, увесь у музыцы. Апроч таго, што выходзіць спяваць на вуліцу, грае ў двух гуртах на барабанах ― у адным панк, у іншым ― гранж. Але гэта далёка не ўсё, што насамрэч цікавіць хлопца.

“Мару стаць шчаслівым. А шчасце ― гэта калі чалавек знайшоў сябе і сваё прызванне ў жыцці. А каб знайсці сваё прызванне, трэба пастаянна спрабаваць сябе ў розных сферах”, ― перакананы вулічны музыка.

Таму ён і спрабуе сябе ў варэнні крафтавага піва і сёлета будзе ўпершыню ўдзельнічаць у конкурсе дамашніх півавараў, малюе алоўкам, ходзіць на кружок па ганчарнай справе, ездзіць на ровары, балее за “Манрэаль Канадзіэнс”, зняўся ў кароткаметражцы Андрэя Кашперскага “Тут быў Саша”, дзе сыграў “гопніка з гітарай”.

"Мама піліць мяне, маўляў, вось, гэтая твая вулічная музыка. А што з пенсіяй? Пенсія! Я за галаву бяруся. Бабуля прапрацавала ўсё жыццё ў садку, і якую пенсію яна мела ў выніку? ― смяецца хлопец. ― Натуральна, што часам падпрацоўваю, неафіцыйна, але жыву за кошт музыкі. Праца заўсёды ёсць. Пытанне толькі ў тым, якая гэта праца, і наколькі чалавек у адчаі”.

“На дадзены момант няма дзяўчыны, але праблем з дзяўчатамі не маю”

Дзень у Ігара выглядае прыкладна так: устае позна, каля дванаццаці, снедае, робіць зарадку, займаецца на гітары ці барабанах, абедае і едзе граць на вуліцу. Увечары аўторка і чацвярга ― на рэпетыцыю гурта. Уначы глядзіць фільмы. Любімай стужкай называе “Касмічную Адысею 2001”. Часам сустракаецца з дзяўчатамі, хаця пра ўласную сям’ю пакуль не думае, маўляў, лад жыцця гэтаму пакуль не спрыяе.

“Я ― чалавек, які намагаецца трымаць дыстанцыю і не акунацца з галавой. Гэта тычыцца і музыкі, і людзей. Я лічу, што ніколі нельга закахацца ў чалавека. Чалавека можна кахаць. У іншым выпадку губляеш галаву, гэта эйфарыя, наркатычны трып. А калі любіш, робіш гэта асэнсавана. Раней я часта быў закаханы. А цяпер ёсць досвед. На дадзены момант у мяне няма дзяўчыны, але праблем з дзяўчатамі не маю. У мужчыны з дзяўчатамі могуць быць праблемы толькі палавога альбо комплекснага характару. Прыклад таго, што незалежна ад знешняга выгляду ўсё можа быць добра ў каханні ― Нік Вуйчыч. Я вельмі моцна ім захапляўся, пакуль не даведаўся, што ён павёрнуты на рэлігіі. Я катэгарычны праціўнік рэлігіі і царквы, але заўзяты прыхільнік веры. Я нашу крыжык, а царква ― гэта палітыка”.

“Чым часцей выступаю ў іншых гарадах Беларусі, тым менш люблю сталіцу”

Ігар кажа, што з нейкімі цяжкасцямі ў звычайным жыцці з-за свайго маленькага росту не сутыкаецца. Хіба што ў краме можа не дастаць патрэбныя макароны на высокай паліцы. Тады папросіць некага гэта зрабіць. Кажа, што любіць назіраць за рэакцыяй людзей: мінчукі заўсёды глядзяць на яго вялікімі вачыыма, а вось жыхары іншых гарадоў, на вуліцы якіх Ігар выязджае граць летам на выхадных, прымаюць яго вельмі душэўна.

“Гэтымі паездкамі я адкрываю для сябе Беларусь зусім з іншага боку. З прыемнага. Чым часцей бываю ў іншых гарадах, тым менш люблю сталіцу. Тут людзі высакамерныя. А на перыферыі ― глыбейшыя і адкрытыя. Яны хочуць, каб іх быць пачулі”.

Паслухаць Ігара можна па панядзелках, серадах, пятніцах на вуліцы каля ГЦ “Імпульс” пасля восьмай вечара.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі