Віншую рэжым з паспяховым знішчэннем беларускага баскетбола — Сныціна

27/06/2023 - 17:01

Кацярына Сныціна / https://www.facebook.com/ksnytsina

Экс-капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна выказалася пра сітуацыю з адхіленнем беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў. Нагодай стаў чэмпіянат Еўропы, які нядаўна выйграла зборная Бельгіі.

"Я перастала выступаць за нацыянальную каманду амаль 2,5 гады таму. Увесь гэты час вельмі мала сачыла за еўрапейскім баскетболам нацыянальных каманд,піша ў Facebook Сныціна. — Аказалася, што практычна ў кожнай камандзе склады абнавіліся мінімум на палову. Цяпер на пляцоўцы разам з пастаяннымі лідарамі зборнай гуляе іх маладое пакаленне або пакаленне на замену, менавіта гуляе, а не сядзіць на лаўцы".

Раней Кацярына Сныціна меркавала, што адхіленне жаночай зборнай Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў не стане катастрафічным. Яна казала, што "што будзе канешне цяжка, але цярпіма". "Жадаю памяняць свой адказ, — піша цяпер баскетбалістка. — Відавочна, будзе дупа".

"Да заканчэння вайны і зняцця санкцый тое, што засталося ад касцяка зборнай, ужо магчыма скончыць з баскетболам, — працягвае Кацярына Сныціна. — Астатнім гульцам, абкатаным толькі ў гульнях супраць зборных СНД і Эрытрэі, спатрэбіцца некалькі гадоў, каб яны маглі супернічаць на адной хуткасці з гульцамі еўрапейскіх зборных".

І дадае: "Віншую беларускі рэжым і ўсіх, хто мае дачыненне, за паспяховае знішчэнне баскетбола, найлепшай гульнявой зборнай краіны".

Сныціна — бронзавая прызёрка Еўра-2007 у складзе фантастычнай беларускай зборнай. Вясной 2021-га яна заявіла, што завяршае кар'еру ў галоўнай камандзе краіны: "Я не хачу больш прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў той час, як мой народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей беспакарана забіваюць, калечаць і трымаюць у турмах". Цяпер спартсменка жыве за мяжой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі