Віктар Бабарыка расказаў, што чытае ў зняволенні

05/11/2021 - 09:21
Віктар Бабарыка / @viktarbabarykaofficial

Былы кіраўнік праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка прызнаецца, што адкрыў для сябе сёлета паэзію Ларысы Геніюш. Пра гэта ён расказаў у лісце жыхарцы Гомеля. Вытрымкі з ліста публікуе "Народная воля".

"Ды і сучасныя аўтары 2020 года вельмі моцна дадалі. Я маю на ўвазе беларусаў", — піша экс-банкір.

Яшчэ ён цытуе вершы Рэд'ярда Кіплінга ў рускім перакладзе, успамінае такія радкі:

"Умей поставить в радостной надежде

нa карту все, что накопил c трудом,

вce проиграть и нищим стать, как прежде,

и никогда не пожалеть o том".

Бабарыка піша, што гэта "вельмі натхняльна". Успамінаючы падзеі мінулага года, ён таксама прызнаецца, што зайздросціць усім, "хто бачыў Мінск і Беларусь у адным парыве, якая выйшла на сустрэчу са свабодай і жаданнем быць чалавекам". Ён перакананы, што "ўсе гэтыя жаданні здзейсняцца!".

Ліст Віктара Бабарыка жыхарцы Гомеля / @navinyonline

Экс-банкір Віктар Бабарыка вясной 2020 года сышоў з пасады кіраўніка "Белгазпрамбанка", каб узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён здолеў сабраць вялікую колькасць подпісаў у сваю падтрымку, але быў затрыманы. Кандыдатам у прэзідэнты яго так і не зарэгістравалі. Бабарыку абвінавацілі ў "адмыванні" сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і ў атрыманні хабару. Ён віны не прызнаў, назваў сваю справу палітычна матываванай. У пачатку ліпеня 2021 года суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі прысудзіў экс-банкіра да 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пакаранне Бабарыка адбывае ў Наваполацкай калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі