Віцяблянку аштрафавалі за відэаролік, як бяруць тэсты на каранавірус

30/03/2020 - 16:32

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска аштрафаваў стваральніцу відэаблога "Снимать разрешено" Вольгу Жураўскую на 810 рублёў (30 базавых велічыняў).Прысуд вынес суддзя Уладзімір Царыкаў.

Як паведамляе Радыё "Рацыя", жанчыну прызналі вінаватай у хуліганстве за тое, што яна здымала, як бяруць тэсты на каранавірус у віцебскім супрацьсухотным дыспансеры, а пазней выклала відэаролік у інтэрнэт. 

Заяву ў міліцыю на Жураўскую напісаў лекар, які праводзіў прыём. 

На судзе жанчына тлумачыла, што прывяла на аналіз свайго сына, які кепска пачуваўся, а нядаўна кантактаваў з хворым. Яна здымала найперш свайго сына, але — з інфармацыйнымі мэтамі.

"Па паказаннях вяла туды хлопца свайго, і паколькі ў нас няма інфармацыі пра каранавірус у краіне, яна хацела зняць, як адбываецца прыём, як праводзяць аналіз. Каб данесці інфармацыю, запытацца ў лекара, што да чаго, што рабіць, што трэба", — распавядае Алена Янушкоўская, таксама віцебская блогерка, якая была на судзе.

Пасля суда Жураўскую каля дома сустрэлі міліцыянты і затрымалі. Прычына затрымання пакуль не вядомая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі