Віцэ-прэм’ер Арменіі: У нас ёсць радовішчы, у вас — БелАЗ. Будзем сябраваць

19/07/2018 - 16:24

Развіццю гандлю паміж Арменіяй і Беларуссю нішто не перашкаджае, а ўдзел абедзвюх краін у Еўразійскім эканамічным саюзе робіць іх гандлёвыя магчымасці вельмі перспектыўнымі. Трэба толькі гэтыя магчымасці выкарыстоўваць напоўніцу, лічыць віцэ-прэм’ер Арменіі Мгер Грыгаран.

У нас і сёння ёсць даволі сур’ёзны таваразварот па тэхніцы і камплектуючых. І гэты кірунак у гандлі будзе развівацца. Бо ў нас ёсць радовішчы, у Беларусі ёсць БелАЗ, ёсць “Белшына” — у гэтай канфігурацыі развіццё гандлёвых стасункаў і далей будзе працягвацца. Усё астатняе — гэта рынак.

Я лічу, што ў нас выдатныя стасункі. Як мы будзем з гэтым патэнцыялам працаваць, пакажа час. Але я магу сказаць дакладна, што нічога гэтаму не перашкаджае. Як мінімум, з падатковага пункту гледжання і з пункту гледжання мытных пошлін гэта выгадна. Астатняе, безумоўна, трэба лічыць.

Ведаю, што ёсць імпарт з Беларусі парашковага малака. Але гэты рынак да гэтага часу дэверсіфікаваны, імпарт ідзе з розных краін, у тым ліку і не сяброў ЕАЭС. Хто павінен прапрацаваць гэты момант? Думаю, што экспарцёры з Беларусі, якія гэтым займаюцца. З іншага боку, ніхто беларускім вытворцам экспартаваць свой тавар у Арменію не перашкаджае, і ніякіх праблем у іх з гэтым няма.

Мгер Грыгаран, віцэ-прэм’ер Арменіі

За 2017 год Беларусь экспартавала ў Арменію тавараў на $34,5 млн, і гэта самы сціплы паказчык з усіх краін СНД. Армянскі імпарт у Беларусь склаў $8,2 млн. Сапраўды, яшчэ ёсць над чым працаваць! Віцэ-прэм’ер Арменіі лічыць, што нашы краіны мусяць рэалізоўваць патэнцыял Еўразійскага эканамічнага саюза. А заявы асобных экспертаў аб нявыгаднасці ўдзелу Арменіі ў ЕАЭС называе як мінімум паспешлівымі.

Мгер Грыгаран: “Удзел у інтэграцыйных праектах дае эфект з часам. Ці будзе эфект ад удзелу ў ЕАЭС Арменіі… Калі паглядзець статыстыку, бачна, што эфект ужо ёсць. А вось у тым, што нашы магчымасці ў межах ЕАЭС рэалізаваныя канчаткова, я моцна сумняваюся. Паглядзіце: Ларс [адзіная дарога з Арменіі ў Расію. — Еўрарадыё] — гэта праблема для аб’ёма экспарту. Калі б не было “праблемы Ларса”, наш экспарт сельгаспрадукцыі ў краіны ЕАЭС мог бы значна павялічыцца”.

Следам за сваімі калегамі, якія адказваюць за знешнюю палітыку Арменіі, Мгер Грыгаран лічыць, што імкнуцца да глыбокай інтэграцыі з Еўрасаюзам іх краіне не варта.

“Сябраваць лепш з усімі, і я не разумею, чаму мы на нечым адным павінны завастраць нашу эканамічную палітыку. Мець дыверсіфікаваную палітыку менш рызыкоўна і дае больш магчымасцяў, бо на сёння наша супрацоўніцтва з Еўропай і наша супрацоўніцтва ў ЕАЭС выгаднае ўсім. І нам, і Беларусі, і Расіі ў тым ліку. Бо калі ёсць нейкія больш спрыяльныя рэжымы гандлю ў партнёраў, то лепш гэтыя рэжымы развіваць і рэалізоўваць. Навошта закрываць сябе ад нейкага рынку з-за таго, што ў цябе ёсць інтэграцыйныя працэсы на іншых рынках?

Мы стараемся зрабіць усё, каб нашы партнёры карысталіся нашымі інтэграцыйнымі працэсамі. У гандлі гэта тэма вельмі актуальная. І сёння краіны ЕАЭС могуць выходзіць на еўрапейскія рынкі, карыстаючыся тымі льготамі, якія ў нас ёсць у дачыненнях з ЕС [у лістападзе 2017 года Арменія падпісала Дамову аб усеабдымным і пашыраным партнёрстве. — Еўрарадыё]. І наадварот, еўрапейскія краіны маюць пэўныя магчымасці і пэўныя спрыяльныя ўмовы, каб выходзіць на рынак Беларусі праз Арменію. Таму, канцэнтравацца на адным рынку ці на адных інтэграцыйных працэсах за кошт іншых сэнсу не бачу”, — кажа віцэ-прэм’ер Арменіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі