velcom пераводзіць абанентаў на сімкі з LTE: хутка запусціць уласную 4G-сетку?

08/01/2019 - 12:09

Абанентам мабільнага аператара velcom сталі прыходзіць sms-паведамленні з прапановай замяніць SIM-карткі на новыя, якія падтрымліваюць тэхналогію LTE. Гэта можна азначаць толькі адно — аўстрыйская кампанія рыхтуецца да хуткага запуску сеткі 4G.

Канкурэнты velcom ужо даюць магчымасць карыстацца сувяззю чацвёртага пакалення. МТС запусціў гэтую паслугу напрыканцы 2015 года, а life:) — у сярэдзіне 2016-га. Абодва аператары скарысталіся інфраструктурай дзяржаўнай кампаніі beCloud.

Аўстрыйскі тэлекамунікацыйны аператар, у сваю чаргу, адмаўляецца карыстацца дзяржаўнымі паслугамі. Ён ужо доўгі час спрабуе атрымаць дазвол на запуск уласнай сеткі на уласных магутнасцях. Не выключана, што пытанне ўздымалася на самым высокім узроўні, падчас візіту ў Беларусь федэральнага прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Белена летам 2018 года.

Афіцыйная сустрэча Аляксандра Ван дэр Белена і Аляксандра Лукашэнка ў чэрвені 2018 года.

Еўрарадыё звязалася з кіраўніком аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалаем Брэдзелевым. Ён даў афіцыйныя тлумачэнні наконт sms, што пачалі атрымліваць абаненты кампаніі:

“У цяперашні час velcom праводзіць падрыхтоўку да тэставання тэхналогіі 4G, у сувязі з чым кліентам кампаніі прапануецца загадзя зрабіць замену SIM-карт, якія не падтрымліваюць 4G, на SIM-карты новага ўзору — USIM”.

Даведцца, ці падтрымлівае сетку новага пакалення ваша SIM-карта, можна самастойна — з дапамогай USSD-запыту *181#. Калі не, замяніць яе можна бясплатна ў любым салоне ці дылерскім цэнтры мабільнага аператара.

“Што тычыцца запуску 4G, дык перамовы з інфраструктурным аператарам beCloud вядуцца пастаянна, і верагоднасць выкарыстання яго магутнасцяў у гэтай сувязі заўсёды разглядаецца, аднак пазіцыя кампаніі па дадзеным пытанні застаецца нязменнай, — адзначылі ў кампаніі velcom. — Уласная сетка velcom цалкам гатовая да запуску LTE-сеткі. У выпадку атрымання адпаведнай ліцэнзіі кампанія можа запусціць уласную сетку на базе дадзенай тэхналогіі на працягу некалькіх тыдняў”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі