Ва ўзросце 98 гадоў памёр мадэльер П'ер Кардэн

29/12/2020 - 12:43

Ва ўзросце 98 гадоў памёр вядомы французскі мадэльер італьянскага паходжання П'ер Кардэн. Пра гэта газеце Le Figaro паведаміла яго сям'я. Прычыны смерці не ўдакладняюцца.

Кардэн пачынаў як тэатральны мастак, і ў 1946 годзе зрабіў касцюмы для фільма Жана Както "Прыгажуня і Пачвара". Потым працаваў у атэлье ў Крысціяна Дыёра. Уласны дом моды ён заснаваў у 1950-м.

Кардэн стаў адным з першапраходцаў стылю унісэкс (калекцыя 1958 года), лічыўся авангардыстам у модзе. У 1960 годзе ён стварыў першую можную калекцыю для мужчын, чым парушыў традыцыйны падыход да моды як мастацтва для жанчын. Таксама Кардэн быў адным з першых, хто заняўся джынсавым напрамкам, адзеннем для моладзі і дзяцей.

Сярод больш як 500 патэнтаў Кардэна — каляровыя панчохі і высокія боты, міні-сарафаны, гальштукі "ў кветачку", доўгія пінжакі без каўняра, вузкія штаны на гузіках, першапачаткова створаныя для "Бітлз".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі