Міхаіл Сяргеенка распавёў у “Фэйсбуку” гісторыю, якая адбылася ў адной з мінскіх бібліятэк. Дзяўчына-падлетак прыйшла туды ўзяць што-небудзь са Стывена Кінга. Бібліятэкар яе адвяла да патрэбнага стэлажа і сказала: "Вось тут усё, што ў нас ёсць. Вы выбірайце, глядзіце. Калі абмежаванняў на кнізе пазначана не будзе, дык я вам яе выдам".
Давайце разбярэмся ў сітуацыі. Па статыстыцы, беларускі падлетак траціць на кнігі 12 хвілін на дзень. А ў бібліятэку яго ўвогуле не зацягнеш. І тут гэты цуд здарыўся, але… што? Узроставы цэнз?!
Міхаіл нават прызнаецца, што ў яго была думка падысці да дзяўчынкі і сказаць, каб выбірала, што хоча. Маўляў, пасля скажаш мне, а я табе гэтыя кніжкі вазьму на свой абанемент. Гэта як калі падлетак хоча набыць у шапіку цыгарэты і просіць пра гэта дарослага дзядзьку. Але ж тут не цыгарэты, а кніжкі!
Тым часам у сацсетках абмяркоўваюць навіну пра тое, як школьніца ў Расіі не змагла набыць зборнікі вершаў Ясеніна, Бродскага і Маякоўскага. Прадавачка аргументавала забарону законам аб абароне дзяцей ад шкоднай інфармацыі. Маўляў, у гэтых паэтаў ёсць вершы, якія дзецям чытаць зусім не абавязкова.
У Беларусі з 1 ліпеня 2017 года працуюць папраўкі да Закона "Аб правах дзіцяці". Згодна з імі, усе медыя, пачынаючы кнігамі і заканчваючы тэле- і радыёперадачамі, павінны маркіравацца знакам узроставай катэгорыі. Ад маркіроўкі вызваляюцца выданні, якія выйшлі да 1 ліпеня 2017 года.
У аддзеле абанементаў Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Мінску Еўрарадыё распавялі, што ў іх працуюць кваліфікаваныя работнікі, якія збольшага ведаюць змест кніг, што стаяць на палічках. Выдаваць ці не выдаваць кнігу падлетку, яны будуць кіравацца, зыходзячы са сваіх ведаў:
"Мы глядзім на кнігу. Нават калі на ёй не стаіць цэнз, мы можам не выдаць яе. Бо ёсць такая класіка, якую нельга чытаць падлеткам у 16 гадоў. Але часам да нас прыходзяць з бацькамі, і тады мы можам запісаць кнігу на аднаго з іх, ці яны кажуць, што дазваляюць узяць такую кнігу свайму дзіцяці.
Мы і раней імкнуліся не выдаваць “такія” кнігі, а цяпер асабліва — гэта ж закон. А закон ёсць закон".
"Крытэраў шмат. Напрыклад, можа быць нейкая адкрытая пасцельная сцэна. Адразу вам скажу, што "Мілага сябра" Мапасана мы не дадзім падлетку. Ці вось у Заля ёсць нейкія “такія” рэчы. Мы ж бібліятэкары. Мы ведаем літаратуру".
То-бок падлетку могуць не выдаць нейкую кнігу, спасылаючыся нават не на закон, а выключна на разуменне бібліятэкарам "пасцельных сцэн" і таго, пра што падлеткам чытаць не варта. Гэткае "рэвалюцыйнае пачуццё" бібліятэкара.
У адной з бібліятэк Маладзечна Еўрарадыё распавялі, што ў іх ніколі не адбудзецца сітуацыя, каб чытачу далі кнігу не па ўзросце.
"Усе новыя кнігі, як беларускія, так і расійскія, цяпер прыходзяць з узроставай маркіроўкай. А нават калі на кнізе і няма цэнзу, яе выдача залежыць ад бібліятэкара. У нас працуюць людзі дасведчаныя".
У дзеючай версіі Закона "Аб правах дзіцяці" спіс таго, што лічыцца небяспечным для дзяцей, складаецца з 8 пунктаў. Небяспечнай лічыцца інфармацыя, што выклікае жаданне ўжываць алкаголь, наркотыкі, тытунёвыя вырабы; што заахвочвае да здзяйснення злачынства ці іншай грамадска небяспечнай дзеі; што станоўча ацэньвае злачынства ці ідэалізуе злачынцаў; што зневажае каго-небудзь па этнічнай, нацыянальнай, расавай, сацыяльнай, рэлігійнай, моўнай і полавой прыкмеце; што падтрымлівае або станоўча ацэньвае фізічны, псіхічны і сексуальны гвалт і эксплуатацыю, сексуальныя адносіны з удзелам дзяцей; што заахвочвае да нанясення цялесных пашкоджанняў або самагубства, апісвае сродкі або акалічнасці самагубства; што падтрымлівае звычкі, якія супярэчаць фарміраванню здаровага ладу жыцця; што дыскрэдытуе інстытут сям'і і шлюбна-сямейныя адносіны; нарэшце, што змяшчае нецэнзурныя словы і выразы.
Ці не абсурдна выглядаюць гэтыя забароны? Бо, калі кіравацца імі, забароненымі для падлеткаў мусяць быць:
— апавяданні пра Шэрлака Холмса — за інфармацыю, што выклікае жаданне ўжываць тытунёвыя вырабы і наркотыкі;
— “Адрынутыя” Віктора Гюго, “Маці” Максіма Горкага — за заахвочванне да здзяйснення злачынства ці іншай грамадска небяспечнай дзеі;
— “Робін Гуд”, “Востраў скарбаў”, “Капітанская дачка” — за станоўчую ацэнку злачынства ці ідэалізацыю злачынцаў;
— “Карлсан”, “Гарганцюа і Пантагруэль” — за падтрыманне звычак, якія супярэчаць фарміраванню здаровага ладу жыцця;
— “Ганна Карэніна” — за дыскрэдытацыю інстытута сям'і і шлюбна-сямейных адносінаў;
— вершы Маякоўскага — за нецэнзурныя словы і выразы.
Працягвайце спіс у каментарах!