Усё будзе КДБ. Якія важныя пасады Лукашэнка раздаў былым сілавікам

22/04/2024 - 12:05

На ключавых пасадах з'яўляецца ўсё болей сілавікоў / @rubanau_collage

Днямі беларускую дачку расійскай кампаніі МТС узначаліў Уладзімір Козыр. “Мае вялікі досвед, высокую кваліфікацыю, якія дазваляюць паспяхова рэалізаваць стратэгічныя задачы і праекты”, — так характарызуюць новага дырэктара ў прэс-службе мабільнага аператара.

Досвед і кваліфікацыю новы топ-менеджар атрымаў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Козыр — палкоўнік, экс-кіраўнік упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. 

Падавалася б, як чалавек з “сілавым” досведам, які не разбіраецца ў тэхналогіях і бізнес-адміністраванні, можа кіраваць вялікім бізнесам? Але для беларускага аўтарытарызму гэта звычайная з’ява. Еўрарадыё адшукала былых сілавікоў на кіраўнічых пасадах у самых разных бізнесах і ўстановах.

Парк высокіх тэхналогій

Мінулым летам рэжым вырашыў дадаткова закабаліць Парк высокіх тэхналогій, дзеля чаго быў створаны Сакратарыят Назіральнай рады. Яго афіцыйная місія — узаемадзеянне дзяржавы з кіраўнічай кампаніяй ПВТ.

Аляксандр Базанаў / park.by

Узначаліў СНР былы супрацоўнік КДБ Аляксандр Базанаў. Раней ён быў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку, намеснікам гендырэктара "Белтэлекама", працаваў у апараце Саўміна, служыў у КДБ і Дзяржсакратарыяце Савета бяспекі.

“Гардсэрвіс” — прыватныя ахоўнікі са зброяй

За кампаніяй “Гардсэрвіс” стаіць Віктар Шэйман, а падчас стварэння яна нагадвала сумнавядомую ПВК Вагнера. На сёння гэта адзінае ў Беларусі прыватнае ахоўнае прадпрыемства, якое мае дазвол на набыццё, захоўванне і перадачу сваім супрацоўнікам цывільнай і службовай зброі.

Кіруе гэтай незразумелай канторай, паводле інфармацыі “Кіберпартызан”, Юрый Альшэўскі. 20 гадоў да таго ён працаваў целаахоўнікам Лукашэнкі падчас замежных паездак. 

Белтэлерадыёкампанія

Кіраўнік БТРК Іван Эйсмант вядомы і ў іншых амплуа: як муж прэс-сэкратаркі Лукашэнкі, як персанаж з прапагандысцкага шоу “Клуб рэдактараў”. Але ў яго працоўнай біяграфіі ёсць і “сілавы” эпізод. У 1998 годзе Эйсмант скончыў юрыдычны факультэт Акадэміі МУС, а пасля пайшоў працаваць у міліцыю. Звольніўся ў званні капітана ў 2006 годзе.

АНТ

Дзе БТ — там і АНТ. Гэтым дзяржаўным тэлеканалам кіруе Марат Маркаў, выпускнік Мінскай вайсковай вучэльні (цяпер Вайсковая акадэмія).

Марат Маркаў / ont.by

Да таго ён працаваў загадчыкам аддзела па працы з грамадскімі аб'яднаннямі ў Адміністрацыі Лукашэнкі. У сакавіку 2017 года прызначаны кіраўніком АНТ. І застаецца на гэтай пасадзе дагэтуль.

Інтэрнэт-аператар “Космас ТБ”

Сытую cінекуру атрымаў сілавік Вадзім Зайцаў, адзін з кіраўнікоў Памежнага камітэта і старшыня КДБ з 2008 па 2012 год. Менавіта ў час яго працы адбыўся тэракт у мінскім метро ў 2011 годзе.

А ў 2021 годзе ў сеціва злілі архіўную размову з удзелам Зайцава пра неабходнасць забіваць апанентаў Лукашэнкі за межамі Беларусі. Сярод іх фігураваў журналіст Павел Шарамет, якога ў 2016 годзе ў Кіеве ўзарвалі ў машыне. На той момант Зайцаў ужо 8 гадоў узначальваў кампанію “Космас ТБ”, адзін з трох буйных тэлекамунікацыйных аператараў краіны. Акцыі "Космас ТБ" падзеленыя папалам паміж беларускай дзяржавай і расійскім прыватным холдынгам "Група кампаній "Акада", які належыць алігарху Віктару Вексельбергу.

Нацыянальны гістарычны архіў

Так, галоўны архіў з гістарычнымі крыніцамі ўзначальвае не даследчык ці гісторык, а былы супрацоўнік КДБ Міхаіл Глушакоў. Ён быў прызначаны дырэктарам архіва 11 жніўня 2023 года.
 

Міхаіл Глушакоў / archives.gov.by

Міністр юстыцыі Алег Воінаў, чый подпіс стаіць пад загадам пра прызначэнне Глушакова, — вайсковец, былы памочнік міністра абароны. Нейкі час ён узначальваў… Нацыянальны гістарычны архіў! Яго прызначылі дырэктарам у траўні 2022 года, а ў студзені 2023 года ён перайшоў на працу ў Мінюст.

Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ)

Апошнім часам справы ў флагмана беларускай аўтапрамысловасці ідуць не асабліва добра. Мазаўскія аўтобусы стабільна гараць, а расійскія чыноўнікі рэгіянальнага ўзроўню больш не спяшаюцца іх набываць. 

Замест таго каб вырашаць прамысловыя пытанні, рэжым працягвае закручваць на прадпрыемствы гайкі. Гэтай працай займаецца Сяргей Дзёмін, намеснік дырэктара па кадрах, бяспецы і рэжыме, а ў нядаўнім мінулым — палкоўнік КДБ. Ён адказны за звальненні супрацоўнікаў завода па палітычных прычынах.

Беларускі металургічны завод (БМЗ)

Як і Сяргея Дзёміна, Аляксандра Ангузарава паслалі працаваць на завод у 2021 годзе. Ён “наводзіць парадак” на БМЗ.

Былога начальніка жлобінскага КДБ прызначылі намеснікам дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах – і сілавік распачаў чысткі сярод палітычна ненадзейных супрацоўнікаў. Агулам звольнілі некалькі сотняў чалавек. 

Гродзенская “Белпошта”

Яшчэ да палітычнага крызісу ў краіне рэжым паклапаціўся пра гродзенскую “Белпошту”. Кіраваць ёю прызначылі былога КДБшніка, палкоўніка Андрэя Анісімава.

Андрэй Анісімаў / belpost.by

Каб ніводны няправільны ліст не праскочыў!

Белдзяржцырк

Уладзімір Шабан, цяперашні дырэктар Белдзяржцырка, — незвычайная фігура ў свеце забаў. Да 2013 года ён больш за 30 гадоў праслужыў у КДБ. Звольніўся ў званні палкоўніка. 

Кар'ера Шабана ўсё жыццё была звязаная з "ідэалагічным складнікам". Але ж і нешта ад мастацтва ў яго жыцці было: у дзяцінстве будучы сілавік вучыўся ў музычнай школе, а цяпер грае на трубе. Вось такі творчы чэкіст!

Мэр Наваполацка

Свежае прызначэнне — старшынёй Наваполацкага гарвыканкама стаў 55-гадовы палкоўнік Ігар Бурмістраў. Cілавік дагэтуль рабіў кар’еру ва ўнутраных войсках, быў камандзірам вайсковай часці №5530 у Полацку і ведае мясцовых. 

У 2008-2014 Бурмістраў узначальваў спецназ у Гомелі (в/ч №5525) і шостую Асобную спецыяльную мінскую міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў (в/ч №5448). У 2018 Бурмістраў стаў намеснікам камандуючага ўнутранымі войскамі МУС, працаваў пад кіраўніцтвам Мікалая Карпянкова.

Цікава, што раней Наваполацкам таксама кіраваў сілавік — кадэбіст Дзмітрый Дзямідаў, але яго перавялі ў Віцебск кіраваць абласным саветам дэпутатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі