Усё перагарэла: як жывуць Стоўбцы праз месяц пасля ўспышкі COVID-19

15/06/2020 - 14:22
Стаўбцоўская бальніца пасля ўспышкі каранавіруса зноў стала прымаць звычайных пацыентаў / Еўрарадыё

За сакавік — красавік 2020 года праз бальніцу ў Стоўбцах — райцэнтры ў Мінскай вобласці — прайшло больш за 250 пацыентаў з пнеўманіямі. Калі хворых стала вельмі шмат, іх давялося вазіць у суседнія гарады: Валожын, Капыль, Мар'іну Горку, Салігорск. Галоўны доктар бальніцы Святлана Глебка сама перанесла каранавірусную інфекцыю — ізалявалася на працы.

Успышку віруса заўважылі журналісты. Рэпартажы са свежымі магіламі на гарадскіх могілках узрушылі Беларусь. Усё гэта было ўсяго месяц таму. Як жывуць Стоўбцы цяпер, калі COVID-19 быццам бы адступіў?

ХОДУ НЯМА

“ХОДУ НЯМА” — надпіс буйнымі літарамі на дзвярах у адміністрацыю Стаўбцоўскай раённай бальніцы. "Заходзьце, зрабіце сюжэт", — кажа мне малады доктар, паказваючы на дзверы. У калідоры пуста. На ўваходзе ў прыёмную галоўнага доктара яшчэ адзін надпіс: "У ПРЫЁМНУЮ НЕ ЎВАХОДЗІЦЬ. Усе дакументы пакідаць на століку каля дзвярэй".

"Калі вы хочаце нейкую інфармацыю атрымаць, вы можаце прайсці да галоўнага доктара, да кіраўніка і там пагутарыць", — расказвала ў пачатку траўня журналістам "Беларусь 1" галоўны доктар бальніцы Святлана Глебка. У той дзень з Беларусі выдварылі карэспандэнта расійскага "Первого канала" Аляксея Кручыніна. Ён прыязджаў рабіць рэпартаж у Стоўбцы — але, па словах беларускіх журналістаў, замест таго, каб атрымаць каментар у галоўнага доктара, "літаральна бегаў па кустах".

Што ж, я хачу пагутарыць са Святланай Глебка.

"Не заходзьце ў прыёмную! — папярэджвае сакратар, калі я адчыняю дзверы. — Вы хто? Вы адкуль? Журналісты? Святлана Здзіславаўна занятая, і я не ведаю, калі яна вызваліцца. Сядайце ў калідоры і чакайце. Зачыніце дзверы".

Праз некалькі хвілін сакратар выходзіць да нас і патрабуе, каб мы спусціліся на першы паверх. Мы адмаўляемся, і жанчына імкліва вяртаецца ў прыёмную. Да нас падыходзіць намесніца галоўнага доктара Часлава Уласік, у масцы і ахоўным касцюме: "Пакажыце пасведчанне! — патрабуе яна і перапісвае звесткі. — Сёння галоўны доктар вас дакладна прыняць не зможа — у яе відэаканферэнцыя".

+30

Людзі ў Стоўбцах каранавіруса не баяцца. Яны гуляюць у парках, заходзяць у крамы і кавярні. Ахоўныя маскі амаль ніхто не носіць. Складана паверыць, што месяц таму ў горадзе была ўспышка COVID-19. Складана паверыць і ў афіцыйную статыстыку, па якой каранавірус забраў усяго сем жыццяў.

Каля ўвахода ў Стаўбцоўскую паліклініку шматлюдна. Хтосьці сядзіць на лавачцы, хтосьці нервова перамінаецца з нагі на нагу. "Мы наогул не мясцовыя, прыехалі сюды на прафесійную камісію", — расказвае мужычок у паласатай кашулі пола.

На першым паверсе туды-сюды ходзяць людзі ў масках. Тут і пенсіянеры, якія прыйшлі паправіць здароўе, і дзеці з кашлем, і цяжарныя жанчыны. З канца траўня Стаўбцоўская паліклініка і ЦРБ, па запэўненнях дактароў і мясцовых жыхароў, сталі вяртацца да звычайнага жыцця.

Пра каранавірус нагадвае папярэджанне — уваход у паліклініку толькі ў масках — і лекары, якія прабягаюць міма ў ахоўных касцюмах. На вуліцы амаль +30. У будынку крыху менш, але ў ахоўных касцюмах — як у парыльні. Твары дактароў пад маскамі расчырванелыя і спатнелыя.

Гандаль — *****ец

У мясцовым "Еўраопце" касіры ў масках і пальчатках. Персанал меншых крам на сродкі аховы ўвагі не звяртае. У кавярні пры краме мужчына п'е за адзінокім столікам распушчальную каву з папяровага кубачка. У краме з печывам на вагу, пірожнымі і цукеркамі дзве прадаўшчыцы бойка абслугоўваюць кліентаў.

"У плане продажаў нічога не змянілася, людзі як хадзілі, так і ходзяць. Ды і з працай тут як было, так і засталося, — расказвае мне адна з іх. — У масках мы не заўсёды працуем: толькі калі папросяць. Але заўсёды ў пальчатках. Калі самы пік быў, то многія стараліся насіць усюды маскі. А цяпер людзі ўжо сталі прасцей ставіцца. Прывыклі, напэўна".

Людзі на вуліцах гандлююць кветкамі, гароднінай і салам. Чэрвеньскае сонца здорава пячэ. Твар пад маскай пацее. Гандаль ідзе дрэнна.

"Да каранавіруса гандаль быў *****ец, цяпер не лепш. Мянты шарсцяць нас — **уць", — гаворыць адкрыта вулічны прадавец.

На вуліцы масак няма амаль ні ў кога. Па-за памяшканнямі яны асабліва і не патрэбныя, але ж і ўваходзячы ў крамы і кавярні масак ніхто не надзявае! Мінздароўя бадзёра рапартуе, што Беларусь пачала зніжэнне з плато, каранавірус пераможаны.

І цішыня

У дзіцячай кавярні-пякарні "Забава" нікога. На ўваходзе пусты дазатар для антысептыку. Прадаўшчыца ў масцы, але нос не закрыты.

"Адразу, як усё пачалося, то, вядома, паўплывала на гандаль. Але цяпер усё аднаўляецца. Цяпер ужо стала ўсё добра, мы рады", — праз маску ўсміхаецца яна. Унутры халаднавата, працуе вентылятар.

"А шмат людзей у масках заходзіць?"

"Усе ў масках заходзяць. Дарослыя, падлеткі і нават маленькія дзеці ў масках".

У гэты момант у кавярню заходзяць пяць чалавек. Ні ў аднаго з іх няма маскі на твары. Яны натоўпам збіраюцца каля вітрыны, каб выбраць пірожныя.

"Цяпер у нас цішыня. Зараз да нас у бальніцу вязуць са Старых Дарог, з Нясвіжа, з вёсак. Але ў Стоўбцах стала спакойна. І ў бальніцу цяпер ужо пускаюць, аналізы іншыя. У нас у Стоўбцах, дзякуй богу, усё перагарэла", — прадаўшчыца адварочваецца да кліентаў.

"Дзве бульбы ім", — заказвае пасля бурнага абмеркавання мама.

Налеплены на акно дэльфін са звар'яцелым поглядам вытарэшчваецца на пакупнікоў. Дзве сям'і размяшчаюцца на суседніх століках.

Пахаванне ў пакетах

Каля бальніцы тырчыць кіёск "Табакеркі". Унутры буйная жанчына ва ўзросце гартае нейкія паперы. На кіёску аб'ява — ахоўныя маскі па 90 капеек.

"У красавіку ў нас была ўспышка, "хуткія" лёталі туды-сюды, карэта за карэтай. Усе дактары і кіроўцы ў ахоўных касцюмах і масках. Красавік быў цяжкі. Гэта было відаць па ўсім, была смяротнасць. А вось з канца траўня і пачатак чэрвеня ў нас наогул цішыня. Мне ж адсюль усё відаць. Шмат маіх знаёмых перахварэла, з пацверджаным каранавірусам, але, дзякуй богу, — усе жывыя і здаровыя".

Прадаўшчыца наракае, што хаваюць інфармацыю ад людзей:

"У нас нават калі і паклалі чалавека, то ім не адразу кажуць. Пахаванне — у пакетах, не адчыняючы труны, адразу на могілкі. Ні развітанняў, ні збораў. Але ў нас людзі адказныя, самі ўсё бачылі, насілі маскі. Давайце я вам ручкі апрацую, а то вы тут усюды ходзіце?"

Пырскае мне на далоні антысептыкам з пульверызатара. Пакуль расціраю рукі, яна працягвае:

"У нас няма ні гулянняў, ні зборышчаў. Акрамя футбола. Цяпер людзей менш, гандлю ніякага. Усе баяцца. Хтосьці на ізаляцыі прасядзеў, а гэта ўдар па кішэні.

Пакупнікоў у нас няшмат. Бываюць дні наогул галякі. Але гэта ж цыгарэты. У нас мала людзей курыць. Раней было шмат, а цяпер толькі закаранелыя курцы".

Нейкі час у красавіку Стоўбцы апынуліся ў сапраўднай ізаляцыі: захварэў кандуктар і адмянілі аўтобусы. Па суседстве з ларком мясцовы касцёл. Ксёндз яшчэ ў красавіку сказаў, што можна маліцца дома. На святы асвячаць ежу амаль ніхто не прыехаў.

За ўсіх, акрамя аднаго

Мясцовы актывіст Андрэй Буката расказвае, што калі б людзі не арганізаваліся самі, то ўспышка каранавіруса была б ярчэйшая:

"У нас была аўдыторыя, якая нас чытала, былі чаты ў "Вайберы" і "Тэлеграме". Былі СМІ, якія ўсё гэта асвятлялі. Наогул, мы збіралі актыўную групу да выбараў, але атрымалася, што пачалі дзейнічаць раней. Людзі дзяліліся інфармацыяй. Так і прагрымелі на ўсю краіну".

Сітуацыю з працай у Стоўбцах Андрэй апісвае не ў радасных танах:

"Працы стала менш, сітуацыя стала горшай. Не толькі каранавірус паўплываў, але і ўся эканамічная сітуацыя. Курс змяніўся. Даходы людзей упалі. Цяпер у прыярытэце — выжыць. Даводзіцца зацягваць паясы".

Андрэй — сябра некалькіх ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Паколькі Стоўбцы горад невялікі, ён збірае подпісы адразу за некалькіх кандыдатаў:

"Ніколі яшчэ не было такога запыту на змены. Людзі тут у чэргі выстройваюцца. Нас вучылі, як правільна праводзіць пікеты. Але цяпер усе правілы памяняліся. Раней трэба было запрашаць людзей, завабліваць, размаўляць, тлумачыць. Цяпер людзі самі прыходзяць і стаяць у чэргах, каб распісацца. За ўсіх, акрамя аднаго".

Куды прыводзіць COVID

На гарадскіх могілках №3 шэраг свежых магіл. Больш за дваццаць шчыльна накрытых памінальнымі вянкамі — большасць з іх красавіцкія і травеньскія. Сярод свежых дагледжаных капцоў з крыжамі — адна сціплая, з кветкамі ў вазе.

Гэта магіла Станіславы Жаўняркевіч — яна памерла 21 красавіка ў Стаўбцоўскай бальніцы. Жанчыне быў 71 год, у яе было шмат захворванняў — і пацверджаны COVID-19. Дактары змагаліся за яе жыццё — яна 16 дзён праляжала на апараце вентыляцыі лёгкіх. Калі каранавірус і пнеўманія былі амаль пераможаны, не вытрымала сэрца.

Сёння на могілках амаль нікога няма. Двое рабочых усталёўваюць новы надмагільны помнік, некалькі чалавек удалечыні застылі ля старых магіл.

Стоўбцы, са стратамі, але перажылі ўспышку каранавіруса. Дакладную колькасць тых, хто захварэў, і памерлых ад COVID-19 ні Мінздароўя, ні мясцовая бальніца не паведамляюць. Звесткі па рэгіёнах больш не публікуюцца. Як і статыстыка смяротнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі