Колькі часу трэба, каб замяніць Беларусь на рынку калію? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Збожжа, якое захрасла ва ўкраінскіх партах, не адзіная прычына пастаянных алармісцкіх заяў пра крызіс прадуктаў харчавання, які набліжаецца. Другая пагроза — калій з Беларусі і Расіі, які захрас пад санкцыямі.
На долю гэтых краін прыпадае каля 40% сусветных калійных запасаў, піша Financial Times. Цяпер калійных угнаенняў не стае, цэны на іх растуць — гэта можа прывесці да неўраджаю.
"Калійныя ўгнаенні важныя для вырошчвання кукурузы, соі, рысу і пшаніцы. Раптоўнае скарачэнне прапанавання пагражае звесці на нішто ўраджаі сельскагаспадарчых культур у свеце", — папярэджвае брытанскае выданне.
Еўрарадыё пераказвае праблему. Коратка і самае важнае.
У апошнія дзесяць гадоў рынку калійных угнаенняў даводзілася змагацца з лішкам вытворчых магутнасцяў. Як вынік — з нізкімі цэнамі на калій.
А цяпер цэны б'юць рэкорды. Па звестках кансалтынгавай кампаніі CRU, у сельскагаспадарчай Бразіліі цэны на калій за апошні год выраслі на 185%. У Еўропе яны выраслі на 240%, аналізуе сітуацыю на рынку аўтарытэтнае брытанскае выданне Financial Times.
Цікава, што расійскі калій пад прамыя санкцыі так і не трапіў, адзначае Forbes. Але пастаўкі ўсё роўна прыкметна знізіліся. Аналітыкі тлумачаць гэта тым, што пад санкцыі трапілі кіраўнікі расійскіх кампаній. Паўплывала на экспарт і забарона расійскім суднам уваходзіць у еўрапейскія парты.
Папярэджанні пра крызіс харчавання, які набліжаецца і звязаны ў тым ліку з нястачай угнаенняў, гучаць адусюль. І з трыбун ААН, і з маленькіх рэгіянальных выданняў, у якіх пішуць пра праблемы фермераў.
На самай справе замясціць Беларусь на гэтым рынку ўжо захацеў і паспрабаваў шмат хто — трэба толькі час.
Канада разам з Расіяй і Беларуссю ўваходзіла ў тройку галоўных сусветных вытворцаў калійных угнаенняў. Аўстралійская горназдабыўная кампанія BHP яшчэ некалькі гадоў таму купіла руднік Jansen у Канадзе. Вытворчасць там планавалі запусціць у 2027 годзе, але цяпер абдумваюць, як можна паскорыць працэс.
Цікава, што яшчэ ў 2013 годзе, калі цэны на калій падалі, у мэтазгоднасці распрацоўкі гэтага рудніка былі сумневы, пісала Reuters. Цяпер сумневы адкінутыя.
У Бразіліі таксама рыхтуюцца адкінуць сумневы і напляваць на турботы эколагаў і карэнных народаў. Яшчэ ў сакавіку прэзідэнт Жаір Балсанару нагадаў у сваім тэлеграм-канале, што два гады спрабуе праціснуць праект, які дазваляў бы распрацоўку на тэрыторыях пражывання карэнных народаў.
І ў Бразіліі ўжо аднавіліся спробы атрымаць дазвол на будаўніцтва рудніка ў трапічных лясах Амазонкі. Кампаніі Brazil Potash патрэбны дазвол ад карэнных жыхароў, каб атрымаць ліцэнзію на будаўніцтва. Калі ўсё атрымаецца, будаўніцтва могуць пачаць ужо ў канцы года. Калі так і будзе, то вырабляць калій тут пачнуць праз тры-чатыры гады.
Больш дробныя кампаніі тым часам паспяхова збіраюць інвестыцыі, каб адкрыць свае руднікі. Прадстаўнікі адной з іх кажуць, што пасля пачатку вайны ва Украіне ўбачылі значны рост цікавасці да сябе з боку інвестараў. І абяцаюць, што ў будучыні змогуць вырабляць прыкладна траціну таго аб'ёму ўгнаенняў, які цяпер Еўропа імпартуе з Беларусі і Расіі.
Але гэта ўсё — доўгатэрміновая перспектыва. У кароткатэрміновай замясціць пастаўкі з Расіі і Беларусі будзе цяжка, цытуе экспертаў Financial Times.
Аналітыкі і кіраўнікі галіны лічаць, што, нават калі ва ўсіх усё атрымаецца і цэны знізяцца, яны ўсё роўна будуць вышэйшыя за звыклыя значэнні. Нямецкая кампанія K+S заявіла, што новая мінімальная цана на калійныя ўгнаенні можа быць 500 долараў. Гэта ўдвая менш за бягучую цану. І ўдвая больш за сярэднюю цану за 10 гадоў.
Эксперты не выключаюць, што Беларусь і Расія сышлі з рынку не назаўсёды. Гэта стварае рызыкі для тых, хто цяпер укладваецца ў будаўніцтва новых руднікоў.
"Вось дзе мы цяпер знаходзімся — у пачатку новага цыкла, але без многіх прывабных варыянтаў", — рэзюмуюць у горназдабыўной кампаніі BHP.
Пра вострую нястачу ўгнаенняў у свеце заяўляюць у ААН, пра гэта пішуць рэгіянальныя амерыканскія медыя, расказваючы пра праблемы фермераў.
І нават пад допісам амбасады ЗША ў Беларусі ў дзень салідарнасці з нашай краінай адзін з карыстальнікаў адзначыўся іранічным каментаром. І так — ён таксама быў звязаны з тэмай угнаенняў.
Пад карцінкай з дрэвам, намаляваным у колерах сцягоў ЗША і Беларусі, карыстальнік напісаў:
— А ў вас хопіць угнаенняў, каб гэтае дрэўца працягвала расці?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут