Сцяг Малдовы, ілюстрацыйнае фота / Sasha Pleshco / unsplash.com
Урад Малдовы на пасяджэнні 11 сакавіка ўхваліў дэнансацыю базавых дакументаў-пагаднення аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў, пратакола да яго і статута. Гэта адбываецца ў рамках працэдуры канчатковага выхаду краіны з СНД.
Цяпер рашэнне павінен ухваліць парламент.
Ініцыятарам дэнансацыі пагаднення выступіла Міністэрства замежных спраў (МЗС). У ведамстве растлумачылі гэтую пастанову тым, што Расія парушыла асноўныя прынцыпы супольнасці, уключаючы ўзаемную павагу тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці межаў, адзначае выданне newsmaker.md. Таксама малдоўскія ўлады падкрэсліваюць, што такі крок — гэта частка курсу на еўрапейскую інтэграцыю.
Разам з тым Малдова не адмаўляецца ад удзелу ў іншых пагадненнях у рамках СНД, якія прыносяць карысць грамадзянам краіны і нацыянальнай эканоміцы.
"У адносінах з краінамі СНД Малдова працягне прымяняць дагаворы, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы, напрыклад, пагадненне аб зоне свабоднага гандлю, пакуль яны адпавядаюць эканамічным інтарэсам краіны. Гэта рашэнне таксама не закране свабоднае перамяшчэнне грамадзян Малдовы ў краінах СНД, паколькі яно ў асноўным рэгулюецца дзеючымі двухбаковымі пагадненнямі", — падкрэслілі ў МЗС краіны.
У дзейнасці СНД Малдова не ўдзельнічае з 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут