Уладзіміру Кондрусю прызначылі судова-псіхіятрычную экспертызу

16/11/2016 - 10:33

Уладзіміру Кондрусю прызначылі комплексную судова-псіхіятрычную экспертызу. Так суд Маскоўскага раёна сталіцы адрэагаваў на паводзіны палітвязня, які ляжаў на падлозе і спрабаваў парэзаць сабе вены.

Працэс над Кондрусем, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" падчас Плошчы-2010, пачаўся раніцай 16 лістапада. Кондрусь ад пачатку лёг у клетцы на падлогу. Па словах адваката, ён зрабіў гэта ў знак пратэсту, што яго судзяць па справе Плошчы. Суддзя аб'яўляла перапынак і выклікала хуткую дапамогу, каб лекары праверылі стан здароўя Кондруся.

Пасля таго, як суддзя Святлана Бандарэнка прыгразіла, што з-за паводзін абвінавачанага можа яго выдаліць з залы, адзін з міліцыянераў закрычаў: "Вены рэжа!". У судзе зноў абвясцілі перапынак, была выклікана "хуткая". Пра тое, чым Уладзімір Кондрусь спрабаваў парэзаць сабе вены, не вядома. Верагодна, ужо на самым пачатку яго спыніла ахова.

Пасля аднаўлення судовага пасяджання суддзя аб'явіла, што Кондруся адпраўляюць на экспертызу, з чым пракурор пагадзіўся. Пакуль яна будзе праходзіць, судовых пасяджэнняў не будзе. Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, судова-псіхіятрычная экспертыза можа працягнуцца каля месяца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі