Уладзімір Някляеў: "Сілы, якія знішчылі Янку Купалу, жывыя і сёння"

28/06/2017 - 22:32

28 чэрвеня 1942 года Янка Купала загінуў, упаўшы ў лесвічны пралёт гатэля "Масква". З таго дня прайшло 75 гадоў, а таямніца смерці паэта дагэтуль не раскрытая. Вынікі расследавання, якое прайшло "па гарачых слядах", невядомыя. Мы валодаем толькі агульным апісаннем падзеяў.

Уладзімір Някляеў шмат гадоў спрабуе разабрацца ў абставінах гібелі Янкі Купалы. Самагубства ці забойства? І калі забойства, дык каму і як перашкаджаў народны паэт Беларусі летам 1942-га? Сваімі вывадамі паэт-палітык падзяліўся з Еўрарадыё.

Што пра гібель Купалы казалі беларускія пісьменнікі, якія жылі ў тым жа гатэлі?

28 чэрвеня блізу 22:10 Янка Купала выйшаў з нумара 1034 гасцініцы "Масква", дзе жыў старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Міхась Лынькоў. Купала быў у добрым настроі. Ён сказаў, што "трэба з сім-тым пагаварыць", але хто чакаў яго ў калідоры, — ніхто не бачыў. Праз некалькі хвілінаў паэт упаў у лесвічны пралёт і разбіўся.

У той гасцініцы былі прасторныя лесвічныя холы. Каменныя парэнчы былі звычайнай вышыні — прыкладна па пояс — але шырокія. Уладзімір Някляеў бываў у "Маскве" і лічыць, што выпадкова перакуліцца праз іх немагчыма нават нападпітку. На жаль, пабачыць усё гэта больш немагчыма — у 2004 годзе гатэль "Масква" дэмантавалі.

"Я зацікавіўся лёсам Янкі Купалы, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце, — распавядае Уладзімір Някляеў. — У Маскве атрымалася сустрэцца шмат з кім з пісьменнікаў, і шмат хто з іх згадваў Купалу. Паступова я падышоў да іх з пытаннямі пра лета 1942-га. У гатэлі "Масква" нікога з іх не было, але ўсё ж яны распавялі мне пра акалічнасці, якія прывялі да смерці паэта.

А калі я пачаў размаўляць пра тое самае з людзьмі, якія былі там — з Лыньковым, з Броўкам, з Глебкам — яны амаль нічога не казалі. І — дзіўная рэч! — у іхніх дзённіках — нічога! А для іх жа гэта быў факт не толькі пісьменніцкі, але і жыццёвы, бо кожны з іх у тыя часы разумеў, што сёння ён на волі — а заўтра не, сёння — жывы, а заўтра — Бог яго ведае. І тады я зразумеў, што нешта тут не тое. Толькі не распавядайце мне, што за смерцю Янкі Купалы нічога няма і што паэт, каротка кажучы, "напіўся і зваліўся", як гэта напісана ва ўсіх афіцыйных паперках, якія я бачыў. Не, таямніца смерці Купалы — не выпадковая, а штучна створаная".

Каму і як летам 1942 года перашкаджаў народны паэт Беларусі?

Янка Купала прыехаў у Маскву 18 чэрвеня. Менш як праз тры тыдні народны паэт збіраўся адсвяткаваць юбілей — 60 гадоў. Але ніякай афіцыйнай падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў не адбывалася. У той жа час, ужо была створаная камісія па святкаванні 60-годдзя Якуба Коласа, якое прыпадала на 3 лістапада 1942-га. 

"Паэт не разумеў, чаму так адбываецца. Ён ездзіў па Маскве і размаўляў з людзьмі, спрабуючы высветліць, калі і на якім узроўні трапіў у апалу. Зусім нядаўна Купала атрымаў ордэн Леніна і Сталінскую прэмію, таму не чакаў такога абыходжання, — распавядае Уладзімір Някляеў. — Здавалася б, ён быў абсалютна ў рэчышчы тагачаснага савецкага мастацтва. "Партызаны, партызаны, беларускія сыны...", "Масква — наша доля і воля..." Але ж ён быў сімвалам не толькі для прыхільнікаў савецкай Беларусі, але і для тых, хто стаяў на нацыянальна-дэмакратычных пазіцыях. Для тых, каго пасля называлі здраднікамі і калабарантамі, і хто бачыў у барацьбе савецкага фашызму з нямецкім фашызмам фортку, праз якую монжа было выскачыць у незалежную Беларусь. Янка Купала быў для іх нават большым сімвалам, чым для савецкага афіцыёзу. І ён гэта ведаў і добра разумеў.

Як толькі прыйшоў данос пра тое, што фашыстоўцы адну з мінскіх вуліц назвалі імем Янкі Купалы, Гарбуноў — сакратар ЦК па ідэалогіі — склікаў у Казані сесію беларускай Акадэміі навук пад сур'ёзнай назвай "Пісьменнікі ў Вялікай Айчыннай вайне". І там прагучаў даклад, у якім Купала бічаваў фашыстоўцаў і іх паслугачоў. Хаця насамрэч вуліца была названая ў гонар Івана Луцкевіча, а сапраўднае імя Янкі Купалы — Іван Луцэвіч! Можаце лічыць гэта блытанінай, але я, вывучаючы дакументы, зразумеў, што два прозвішчы былі "змяшаныя" яшчэ да вайны — задоўга да таго, як з Купалам вырашылі расправіцца".

Лествічная пляцоўка гасцініцы "Масква" і тыя самыя парэнчы. Фота: varlamov.ru

Таямнічая жанчына, якую бачылі сведкі

На шум са сваіх нумароў пачалі выходзіць іншыя пастаяльцы гатэля. Яны пабачылі жанчыну, якая бегла па лесвіцы, і туфлю паэта на прыступцы.

"Магчымыя два варыянты: Купала мог скінуцца сам, і яго маглі перакінуць праз парэнчы. На маю думку, для гэтага дастаткова было б нямоцнага штуршка ў спіну, на які хапіла б сілы і ў жанчыны, — працягвае Уладзімір Някляеў. — У мяне ёсць вельмі моцныя падазрэнні, што жанчына ўдзельнічала ў тым, што адбылося з паэтам. І не толькі таму, што, як кажуць, "шэршэ ля фам" ва ўсім, а таму, што была адна персона, якая была адначасова і акторкай, і агенткай НКУС — таго самага аддзела, які займаўся ліквідацыяй нязручных для партыі людзей. 

Яна не праходзіць ні ва ўспамінах Янкі Купалы, ні ў нейкіх іншых. Зрэшты, афіцыйна ў ягоным лёсе — што для паэта вельмі дзіўна — няма нікога, акрамя Паўліны [Мядзёлка] і жонкі. Насамрэч, было зусім не так, але вось так абстаўленая сёння ягоная постаць, што ён ледзь не святы. У той дзень, калі яго не стала, да яго заходзілі госці, сярод якіх была тая жанчына. Ён выпіў з ёю шампанскага. Аксесуар гэтай жанчыны быў знойдзены ў яго нумары падчас вобшуку пасля яго смерці. Некаторыя сведкі распавядаюць, што адразу пасля здарэння бачылі жанчыну, якая збягала з гатэлю. Ёсць нават сведчанне, што Купала дазволіў сабе вольны жэст, а яна штурханула яго, нават не чакаючы, што адбудзецца далей, і збегла. Я сустракаўся з гэтай жанчынай. І не паверыў у тое, што яна магла гэта зрабіць".

Янка Купала і Паўліна Мядзёлка

Чаму абставіны гібелі Янкі Купалы дагэтуль не высветленыя?

У 1948 годзе ў Мінску быў забіты вядомы тэатральны актор і рэжысёр Саламон Міхоэлс. Сёння абставіны гэтага злачынства высветленыя да дробязяў. Вядомыя не толькі "заказчыкі": Сталін, Абакумаў, Цанава — але і непасрэдныя выканаўцы. Чаму такой жа яснасці няма па справе Янкі Купалы?

"Крымінальная справа пасля смерці Купалы так і не была распачатая. І гэта вельмі дзіўна, бо калі ёсць цела — мусіць быць і справа, — тлумачыць Уладзімір Някляеў. — Галоўнае адрозненне паміж забойствамі Міхоэлса і Купалы — у тым, што ў першым выпадку не было кансэнсусу паміж усімі ведамствамі. А калі так адбываецца — пасля заўсёды знаходзяцца тыя, хто дазваляе "ўсплыць" кампрамату на іншых. Так акалічнасці справы Міхоэлса і былі высветленыя.

А вось у выпадку з Купалам быў поўны кансэнсус. І нават тое, што спачатку было запісана, у выніку было, як я пасля пераканаўся, знішчана. Разумееце, на ўсходзе Беларусь заўсёды разглядалася — карыстаючыся сённяшняй тэрміналогіяй — як частка "рускага свету". Хто спрабаваў давесці, што гэта свой, беларускі свет, лёс меў незайздросны. Ніхто з іх малым не абышоўся — усе адказвалі па вялікім рахунку. А тут — такая постаць! Можна як заўгодна ставіцца да яго творчасці сталінскага перыяду — да гэтых "дрындушак". Казаць, што ён не да канца выканаў сваю місію... Не без таго. Але галоўнае, што ім зроблена, — дарэвалюцыйныя паэмы. Гэта творы, напісаныя па-беларуску, для будучыні беларускай зямлі. 

Сілы, якія знішчылі Янку Купалу, жывыя і сёння. Пра дэмакратыю, свабоду слова і правы чалавека можна размаўляць колькі заўгодна. Але як толькі ўзнікае нацыянальная праблема, падмуркам рашэння якой з'яўляецца беларуская мова і беларуская культура, — выбухае шалёная нянавісць. Зрабіце праекцыю гібелі Купалы на сённяшні дзень, калі, што праўда, ужо немагчыма так забіваць. І адразу зробіцца зразумела, чаму".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі