Уладзімір Макей сустрэўся з расійскім паслом Міхаілам Бабічам (фота)

11/09/2018 - 16:20

11 верасня ў Мінску міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з расійскім паслом у Беларусі Міхаілам Бабічам. Як інфармуе прэс-служба МЗС нашай краіны, сустрэча адбылася з нагоды ўручэння Бабічам копій даверчых лістоў.

Макей і Бабіч абмеркавалі "актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін", а таксама "бліжэйшы парадак дня двухбаковых палітычных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях". Яны разгледзелі і "практычныя крокі па ітэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў.

Макей пажадаў поспехаў Бабічу. Ён выказаў надзею "на актыўную сумесную работу ў мэтах далейшага ўмацавання стратэгічных адносін паміж Мінскам і Масквой".

Расійскі пасол паабяцаў, што выведзе дачыненні двух краін на якасна новы ўзровень.

Прызначэнне Бабіча ў Беларусі было ўспрынятае неадназначна. Ён — былы спецслужбіст, кіраваў чачэнскім прарасійскім урадам падчас вайны ў гэтым рэгіёне РФ. Два гады таму яго збіраліся адправіць паслом ва Украіну, але Кіеў яго кандыдатуру не ўзгадніў. Апошнія сем гадоў Міхаіл Бабіч працаваў упаўнаважаным прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі